Прахадны бал не паменшыўся, а нават вырас?

Толькі ў чатырох ВНУ — лінгвістычным, эканамічным універсітэтах, БДУІР ды Гарадзенскім універы — набралі поўны камплект першакурснікаў. У астатніх 50 недабор! Праз гэта Мінадукацыі давялося знізіць мінімальны бал ЦТ, з якім можна падаваць дакументы, і абвясціць дадатковы набор. 

Напрыклад, на фізічны, матэматычны факультэт ў Мінскі педагагічны планавалі набраць на бюджэт 100 чалавек. Але дакументы падало толькі 50. Атрымліваецца, што на фізіка-матэматыка паступаюць 4 чалавекі, якія набралі 120 ці меней балаў з 400 магчымых. Гэта тры тэсты і атэстат у суме.

Адзін чалавек падаў дакументы ў БДУІР з балам, меншым за 100. Добра, што электронная сістэма падачы дакументаў адсеяла такога абітурыента.

"Сістэма дазваляе ўказваць спецыяльнасці ў парадку прыярытэтнасці. Сёлета мы дазволілі ўказваць любую колькасць спецыяльнасцяў. І некаторыя, а такіх каля 10%, указвалі ўсе 34 спецыяльнасці ў парадку прыярытэтнасці", — кажа старшыня прыёмнай камісіі Барыс Нікульчык.

Таму на бюджэт тут набралі 1100 студэнтаў з мінімальным балам 256, а іншыя 372 пачалі падаваць дакументы на платнае. Як адзначаюць у БДУІР, сёлета толькі яны і БДЭУ без праблем закрылі бюджэтныя месцы. Але нават у БДУІР за год прахадны бал знізіўся з 263 да 256.

Барыс Нікульчык: “Канечне, у школе пагоршылася падрыхтоўка, і гэта прагрэсуе з года ў год. Я не бачу трагедыі. Гэта дыферэнцыяцыя ведаў. Нават савецкія часы ўзяць: не ўсе ж 100% шлі здаваць экзамены. Ішла траціна выпускнікоў, якія сапраўды былі гатовыя. Тое самае тут адбываецца. Тое, што яны ідуць праз ЦТ, — гэта яны проста сябе ранжыруюць. А пойдуць яны у ВНУ ці не, цяжка сказаць. Казаць пра тое, што масава зніжаюцца веды, не даводзіцца. Засталіся людзі, зацікаўленыя ў атрыманні ведаў, яны займаюцца і атрымліваюць высокія балы. Ну, а некаторым гэта проста не патрэбна".

Нават калі людзі з нізкім балам паступаюць, яны адсейваюцца пасля першага семестра. Таму казаць пра ўзровень можна будзе пасля першай сесіі.

Ставяць антырэкорды і абітурыенты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Тут на некалькіх спецыяльнасцях недабор альбо адсутнасць конкурсу. Так, на 40 бюджэтных месцаў спецыяльнасці “машыны і абсталяванне ляснога комплексу” падалі дакументы 34 чалавекі, двое з балам, ніжэйшым за 110, яшчэ 6 набралі ад 111 да 120.

У БНТУ на спецыяльнасць “машыны і тэхналогія апрацоўкі матэрыялаў ціскам” на 20 месцаў прэтэндуе 18 чалавек, адзін з іх мае 81-90 балаў. Паступіў!

У БДУ недабор на фізічны факультэт, на беларускую філалогію і хімію на вайсковым факультэце, сюды быў дадатковы набор. А прахадны бал на геаінфармацыйныя сістэмы вайсковага факультэта склаў 142 з 400 магчымых.

Але ёсць вельмі высокія конкурсы, напрыклад, на бізнес-адміністраванне — 371 бал і 365 на аўдыёвізуальную журналістыку. Таксама высокія балы на ФМА і ФПМІ.

Хаця ўсе кажуць, што ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў зніжаецца, у БДУ гэтага не пацвярджаюць.

Прахадныя балы ў БДУ за тры гады змяніліся неістотна. Адзінае што рэзка знізіўся прахадны бал на прыкладную матэматыку — з 325 у 2013 годзе да 189 балаў сёлета. Гэта можа быць звязана з непрывабнасцю самой назвы спецыяльнасці, мяркуюць у БДУ.

"Гэта не значыць, што ўсе абітурыенты ў сваёй большасці маюць такі бал. Проста абітурыенту, можна сказаць, з такім балам пашчасціла".

На іншых факультэтах прахадны бал застаецца стабільным. Прыкладная матэматыка — 324 у 2012 годзе, 355 — у 2013 і 350 — сёлета. На англійскую філалогію прахадны бал вырас з 303 да 323 балаў.

Фота: minsknews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі