Паротнікаў: Рэпрэсіі спрацоўваюць, толькі калі расце дабрабыт людзей

Паротнікаў: Рэпрэсіі спрацоўваюць, толькі калі расце дабрабыт людзей

У Беларусі працягваюцца затрыманні, на сёння ўжо каля 20 затрыманых па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў”. Паралельна людзей працягваюць асуджаць на суткі за Курапаты і “маршы недармаедаў”. Абмяркоўваем дзеянні сілавікоў у студыі Еўрарадыё з Андрэем Паротнікавым, кіраўніком аналітычнага праекта “Belarus Security Blog”.

Слухаць размову цалкам можна тут:

Прапануем лепшыя цытаты з размовы:

Пра затрыманні актывістаў

“Гэта спроба запалохаць грамадства і збіць пратэстны патэнцыял перад пагаршэннем сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Бо плана па выхадзе з крызісу няма. Апошнія 1,5 месяца прадэманстравалі, што пратэстны патэнцыял у грамадстве ёсць”.

Пра “баевікоў” у лясах

“Хочуць паказаць, што гэта не проста апазіцыя, якая імкнецца да адстойвання правоў простага чалавека, а радыкалы, якія хочуць дэстабілізаваць сітуацыю, якія хочуць, каб тут быў гвалт, лілася кроў”.

“Паднялі старыя картатэкі. Знайшлі там людзей, якія пазначаныя, як схільныя да экстрэмісцкіх дзеянняў. І пачалі хапаць”.

“Толькі ў аднаго затрыманага знайшлі тое, што можна паказаць па тэлебачанні. І гэтая карцінка зусім не ўражвае”.

“Калі пачнуцца прысуды, дыялог з Захадам будзе спынены імгненна. Тое, што адбываецца цяпер, дэманструе, што беларускія ўлады не здольныя дамаўляцца”.

Пра планы ўлады

“Трэба разумець, што гэта не імправізацыя. У Лукашэнкі заўсёды ёсць некалькі планаў на розныя сітуацыі: лагодны, менш жорсткі і больш жорсткі. Затрыманні грамадска-палітычных актывістаў звязаныя з перспектывамі пагаршэння сацыяльнай сітуацыі. Жорсткі план адносна гэтай “змовы баевікоў” ― гэта спроба запужаць грамадства пагрозай праліцця крыві".

Пра “руку Масквы” у жорсткіх затрыманнях

“Гэта спроба выгарадзіць улады. Рашэнне прымае выключна Аляксандр Лукашэнка. Тая сістэма, якая існуе ў сілавых структурах і падбор кадраў выключаюць любыя змовы і спробы маніпуляцыі. Гэта асабіста яго інтэрпрэтацыя інфармацыі, якая да яго трапляе”.

Пра страх у грамадстве

“Людзям у 2010 годзе пасля выбараў рот закрывалі не толькі дубінкай, але і палкай каўбасы. А цяпер гэтай каўбасы не будзе. У людзей няма ні асабістых, ні сацыяльных перспектыў у гэтай краіне. Таму рэпрэсіі працуюць толькі, калі дабрабыт людзей расце ці хутка пачне расці”.

Пра магчымыя правакацыі ў Дзень волі

“Я не веру ні ў якія правакацыі, апроч магчымых сутыкненняў з міліцыяй, калі нехта вырашыць пайсці на плошчу Незалежнасці ці паставіць намёты. Усё астатняе ― бязглуздзіца”.

Пра адносіны з Захадам і Расіяй

“Мінск можа адварочвацца куды заўгодна, але Масква не дасць грошай. У 2018 годзе ў іх выбары, ім ёсць, куды накіроўваць грошы. Ды і няма чаго іх даваць, у абмен на пацалункі больш не дадуць”.

Пра беларусізацыю

“Беларусізацыя можа быць працягнутая. Ідэалагічна беларускі рэжым ― банкрут. 20 гадоў яны ставілі на савецкую спадчыну, то цяпер яна прысабечаная Расіяй. Таму, калі вы не хочаце быць Расіяй, то трэба быць спадкаемцам чагосьці іншага. Гэта вымагае вяртання да беларускага нацыяналізму”.

Пра ўладу

“Вялікая памылка ― хапаць цяперашніх апазіцыянераў. Ніхто з іх не з’яўляецца рэвалюцыянерам. Калі ізалюецца гэты партыйны актыў, адкрываецца прастора для новых лідараў. І метады ў іх могуць быць іншыя, гэта небяспечна для ўладаў. Калі натоўп не мае прызнанага лідара, ён хутка яго высоўвае са сваіх шэрагаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі