Падлетак "замініраваў" аэрапорт "Мінск" і запатрабаваў 1 млн долараў

Падлетак "замініраваў" аэрапорт "Мінск" і запатрабаваў 1 млн долараў

15-гадовы падлетак з Мазыра жартам замініраваў аэрапорт "Мінск". Як піша sb.by, увечары 22 траўня хлопец адпачываў у двары з кампаніяй аднагодкаў. Ён пазычыў у адной з дзяўчат мабільнік і затэлефанаваў мясцовым ратавальнікам.

Хлопец не прадставіўся ратавальнікам, але заявіў ім, што аэрапорт "Мінск" замініраваны. Падлетак запатрабаваў мільён долараў і верталёт, пасля чаго перапыніў сувязь.

Афіцыйная прадстаўніца Гомельскага абласнога ўпраўлення Следчага камітэта Марыя Крываногава паведаміла, што мазырскія аператыўнікі вельмі хутка вылічылі, з якога нумару тэлефанаваў падлетак. Неўзабаве знайшлі яны і самога школьніка.

Хлопчык не змог уцямна растлумачыць прычыны свайго тэлефанавання. Па яго словах, проста хацеў пажартаваць.

Цяпер на юнака пачалі крымінальную справу за заведама фальшывае паведамленне аб небяспецы. Адказнасць па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэкса пачынаецца з 14 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі