Падбярэзскі: Аўтар мусіць зацікавіць чытача хоць з дапамогай гвалтоўнага піяру!

Падбярэзскі: Аўтар мусіць зацікавіць чытача хоць з дапамогай гвалтоўнага піяру!

Еўрарадыё: Мы вас ведаем як музычнага крытыка і раптам – кніга з апавяданнямі, якія да музыкі не маюць ніякага дачынення. Чаму так?

Дзмітрый Падбярэзскі: Гэта ўжо трэцяя кніга прозы, якую я прыдумаў, сабраў і нарэшце выдаў. А пра музыку… Я спадзяюся, што ў гэтым годзе выйдзе другое дапоўненае, перапрацаванае выданне “Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі”.

Еўрарадыё: Калі нехта што пра музыку – то абавязкова нейкая энцыклапедыя! А чаму не напісаць якую музычную белетрыстыку з “жаўтухай” і “чарнухай”?

Дзмітрый Падбярэзскі: Не, я з іншай зграі, як кажуць, і па гэтай “жаўцізне” ды “чарнаце” не працую! Няхай у гэтым кірунку праяўляюць свае здольнасці і імпэт больш маладыя. У іх і сіл больш, і энергіі… Разумееш, у кожнага часу свае аўтары і свае тэмы.

Еўрарадыё: Кніга трэцяя, а якія адчуванні пасля выдання першых дзвюх – патрэбная такая сучасная беларуская літаратура айчыннаму чытачу? Можа, чытача больш “жаночыя” раманы цікавяць сёння?

Дзмітрый Падбярэзскі: Гэта падстава для вельмі сур’ёзнага аналізу. Я думаю, што беларускі чытач заўсёды чакае цікавыя кнігі. Калі яны сапраўды цікавыя… І калі аўтары гэтых кніг здольныя зацікавіць чытача, у тым ліку і тым, што мы называем піярам, нават – гвалтоўным піярам, і калі кніга даходзіць да чытача, калі ён яе набывае, то сваю задачу аўтар можа лічыць вырашанай.

Еўрарадыё: Што сёння можа падштурхнуць чалавека да напісання нейкага літаратурнага твору?

Дзмітрый Падбярэзскі: Жаданне выказацца. А маё жаданне выказацца дыктуе мне і стылістыку выказвання: я вельмі люблю прыдумляць сюжэты, дзе выдуманае, можа нават фантастычнае, спалучаецца з рэальнасцю. Плюс, адначасова з гэтым мне ўвесь час хочацца іранізаваць, дадаваць гумару. І калі б зараз у мяне спыталіся, “якая мая стылістыка”, то я б сказаў, што гэта – адсутнасць усялякай стылістыкі.

 

Падбярэзскі: Аўтар мусіць зацікавіць чытача хоць з дапамогай гвалтоўнага піяру!

Еўрарадыё: Жаданне выказацца – гэта добра, а жаданне зарабіць?

Дзмітрый Падбярэзскі: Вой, не! Першая кніга, якую я выдаў у 1991 годзе, “Уверцюра” ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” прынесла мне па тых часах вялізны ганарар – 1900 савецкіх яшчэ рублёў. Хоць кніжка маленькая была. Вось, тады гэтым можна было зарабляць на жыццё. Сёння ж пісьменніцкай справай зарабляць на жыццё практычна немагчыма, то таму я нават не называю сябе пісьменнікам. Ну, так – літаратар, журналіст.

Еўрарадыё: Вашы “Брыдкія аповяды” – зборнік апавяданняў, напісаных у розныя часы. З імі звязаныя якія-небудзь цікавыя гісторыі?

Дзмітрый Падбярэзскі: З адным была гісторыя, якой, напэўна, гісторыя сусветнай літаратуры не ведала. Апавяданне прынялі да друку, паставілі ў макет, але потым мне прыходзіць ліст, што кнігу знялі з друку з тлумачэннем, якога  ніколі не чуў – з-за магчымай наяўнасці падтэксту. Што там у іх разуменні быў за падтэкст, я не ведаю і не магу нават сказаць!

 

Падбярэзскі: Аўтар мусіць зацікавіць чытача хоць з дапамогай гвалтоўнага піяру!
Вячаслаў Ракіцкі і Дзмітрый Падбярэзскі

Еўрарадыё: Наколькі жыццёвыя вашы творы?

Дзмітрый Падбярэзскі: Ёсць прыдуманыя, да абсурду. Да прыкладу, апавяданне, як Уладзімір Ільіч Ленін накіраваў з Еўропы чалавека з накладам газеты “Іскра” праз ЗША – каб таго не затрымалі на польска-расійскай мяжы. І чалавек той у Амерыцы пазнаёміўся з індзейцамі і стаў ім прапагандаваць ленінскія ідэі і спрабаваў узняць на паўстанне супраць белых прыгнятальнікаў.

Еўрарадыё: Кніга выйшла, і якія адчуванні?

Дзмітрый Падбярэзскі: Асабліва ніякіх хваляванняў няма… Што да таго, як чытачы прымуць, то калі хоць аднаму чалавеку яна спадабаецца, то я буду задаволены. 

Падбярэзскі: Аўтар мусіць зацікавіць чытача хоць з дапамогай гвалтоўнага піяру!
Адам Глобус і Дзмітрый Падбярэзскі

Выдавец Уладзімір Кузьмін:

“Кніга доўга ляжала, афармлялася доўга – быў прыцягнуты да працы добры мастак. Але калі ўсё падрыхтавалі, то вельмі хутка пусцілі кнігу ў вытворчасць. Кніга годная, і таму ніякай фінансавай рызыкі тут няма – укладанні “адаб’юцца”. А ўвогуле, да кожнай кнігі трэба падыходзіць індывідуальна. А Падбярэзскі – гэта Падбярэзскі”.

Еўрарадыё:  Колькі ў рашэнні выдаць кнігу сяброўскіх пачуццяў да аўтара і колькі – разумення, што гэта годны твор, які спадабаецца чытачам?

Уладзімір Кузьмін: І адно, і другое – усё адыграла сваю ролю!

 

Ганна Кісліцына, літаратуразнаўца:

Падбярэзскі: Аўтар мусіць зацікавіць чытача хоць з дапамогай гвалтоўнага піяру!
Ганна Кісліцына і Дзмітрый Падбярэзскі

“Я думаю: “Чаго Падбярэзскага, музычнага крытыка, заносіць увесь час у пісьменніцтва? Ён жа абсалютна адэкватны ў сваёй іпастасі?” Здаецца, гэта з-за таго недахопу, які ёсць у нашай сённяшняй літаратуры. Калі ты чытаеш твор і кожны раз думаеш: “Не, не пра мяне!” Чытаеш і кожны раз бачыш герояў, у якіх ты сябе не пазнаеш. І ты разумееш, што гэта павінен зрабіць толькі я – напісаць тое, што я хачу чытаць. У Падбярэзкага атрымалася напісаць тое, што ён сам хацеў чытаць, і тое, што хацела чытаць усё наша пакаленне. Кніга Дзмітрыя для людзей, якім не хапае сябе ў сучаснай літаратуры”.

Фота Змітра Лукашука

Падбярэзскі: Аўтар мусіць зацікавіць чытача хоць з дапамогай гвалтоўнага піяру!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі