Падатак "на дармаедства" прыйшоў дзяўчыне, якая памерла 12 гадоў таму

Падатак "на дармаедства" прыйшоў дзяўчыне, якая памерла 12 гадоў таму

7 снежня Валянціна Кавальчук з Маларыты атрымлівае квітанцыю з падатковай інспекцыі. З паперы вынікае, што яе дачка Ларыса Мазоль мусіць заплаціць дзяржаве 360 рублёў — збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, які ў народзе называюць падаткам “на дармаедства”.

Валянціна хапаецца за сэрца: дзяўчына ўжо даўно не можа быць вінная дзяржаве абсалютна нічога. Справа ў тым, што Ларыса загінула ў аўтакатастрофе 12 гадоў таму.

"Квітанцыю прынеслі пад роспіс, заказным лістом. Я спачатку не хацела браць. Уявіце, у якім я была стане! Я ж інвалід другой групы па сэрцы, — распавядае Еўрарадыё Валянціна Кавальчук. — Але ўсё ж паштальён пераканала мяне распісацца. На другі дзень, як знайшліся сілы, пайшла я разбірацца ў падатковую. Начальніца вельмі прасіла прабачэння. Але ўвесь час паўтарала: гэта не ад нас залежыць, гэта не мы складаем спісы, гэта ўсё з Мінска".

Падатак "на дармаедства" прыйшоў дзяўчыне, якая памерла 12 гадоў таму

Іншыя паперы ад дзяржавы, напрыклад, запрашэнні прыйсці на выбары на імя Ларысы Мазоль не прыходзяць ужо даўно. А вось квітанцыя на падатак прыйшла, ды адразу з Мінска. Няўжо пра маларыцкіх "дармаедаў" лепш ведаюць у сталіцы, чым у Маларыце?

Днямі намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка ў эфіры тэлеканала АНТ распавядала пра тытанічныя высілкі чыноўнікаў, якія складалі базу плацельшчыкаў збору. "Праца няпростая, але ўсе пытанні вырашальныя, калі належным чынам да іх ставіцца, — сказала Святлана Шаўчэнка. — У фармаванні базы са звесткамі бралі ўдзел больш за 27 дзяржаўных органаў, больш за 82 тысячы арганізацый. Вядома, калі столькі ўдзельнікаў збіралі неабходныя звесткі, аўтаматызавалі іх, прадстаўлялі ў падатковыя органы, памылак было не пазбегнуць".

Відэа: АНТ

Якасць зробленай працы відавочная: толькі на 11 тысяч жыхароў Маларыты выпала дзве памылкі. Квітанцыі на аплату падатку "на дармаедства" тут атрымалі сваякі двух нябожчыкаў. У мясцовай падатковай інспекцыі Еўрарадыё запэўніваюць, што прычыны недарэчнасцяў трэба шукаць у працы іншага ведамства. А рабіць крайнімі падаткавікоў не трэба:

"У Ларысы Мазоль быў дзеючы пашпарт. Дата смерці ў пашпартнай сістэме МУС не была ўказаная, дакумент быў сапраўдны да 7 снежня. Калі гэтая акалічнасць выявілася, мы патэлефанавалі ў пашпартную сістэму. Яны ўнеслі адзнаку, што яна памерла. То бок, да таго для сістэмы яна была як жывая! Яшчэ чалавек там быў, яго пашпарт быў згублены, і таксама ён у пашпартнай сістэме не лічыўся памерлым. Патэлефанавала жонка, кажа: "Ён памёр". Мы задалі пытанне — яна адказвае, што быў згублены пашпарт. Але ён не звяртаўся ў МУС".

Але Валянціне Кавальчук ад гэтых тлумачэнняў ні горача, ні холадна. Яна цяпер шкадуе толькі пра адно: гісторыя яе дачкі трапіла ў прэсу занадта рана. Жанчына кажа, што трэба было дачакацца выкліку ў суд — тады б трагічная абсурднасць сітуацыі была яшчэ больш відавочнай.

Падатак "на дармаедства" прыйшоў дзяўчыне, якая памерла 12 гадоў таму
Валянціна Кавальчук. Фота: vk.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі