“Лісты шчасця” з падатковай не маюць пячаткі і подпісу, на іх можна не рэагаваць

“Лісты шчасця” з падатковай не маюць пячаткі і подпісу, на іх можна не рэагаваць

6 снежня на адмысловай нарадзе Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў знакаміты дэкрэт аб дармаедстве. Маўляў, дакумент атрымаў шмат крытыкі з-за яго недасканаласці, калі гэта так, то трэба прызнаць гэта і яго адмяніць, аднак усё ж калі па справядлівасці, то здаровы чалавек мусіць працаваць. Раз пайшлі такія размовы, магчыма, варта чакаць зменаў у законе? Пра гэта разважае юрыст прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Юрый Белякоў.

— Людзі супраць гэтага дэкрэта. Нездарма петыцыя аб яго адмене сабрала больш за 500 тысяч подпісаў. Тое, што дакладаюць першаму чалавеку ў краіне і тое, што ёсць на самой справе — дзве вялікія розніцы. Навошта тады была гэтая нарада, калі ўсе ўсім задаволеныя? Значыць, ёсць пра што падумаць. 


— Нарада выкліканая ў тым ліку і  вялікай колькасцю лістоў у тую ж Адміністрацыю прэзідэнта. Людзі пішуць, тэлефануюць, ходзяць да начальнікаў інспекцый, патрабуюць даведку, каб гэты падатак уключылі ім у працоўны стаж. Ведаю, што кнігу скаргаў у Адміністрацыі мяняюць тры разы на месяц.


— Што можа памяняцца? Магчыма, улады пашыраць спіс асобаў, якія не падпадаюць пад дзеянне дэкрэта, як гэта было і першы раз у 2015 годзе, калі ў яго, да прыкладу, патрапілі бацькі, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў. Магчыма, туды ўключаць норму, што калі чалавек заплаціў падатак, то гэта пойдзе ў працоўны стаж. То бок, гэты год будзе залічвацца, і за яго чалавек у будучыні будзе атрымліваць пенсію. 


— “Лісты шчасця” надрукаваныя звычайна на прынтары, на іх няма ні пячаткі, ні подпісу. Калі чалавек на такі ліст не адрэагаваў, то яму за гэта нічога не будзе. Праўда, інспектар можа патрапіцца прынцыповы, спаганяць пеню ці спрабаваць атрымаць гэтыя грошы праз адміністратыўны суд. Але пакуль такіх выпадкаў яшчэ не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі