Пад Брэстам аўтамабіль з п'яным кіроўцам перакуліўся шэсць разоў
Шэсць разоў перакулілася аўто ў Брэсцкім раёне. Здарэнне адбылося 26 сакавіка ў 10.30 на аўтадарозе Н133 Брэст — Радванічы — Старое Сяло — Гайкоўка, паведамляе gaibrest.by.
44-гадовы жыхар Брэсцкага раёна кіраваў аўтамабілем "Опель Амега". На 12-м кіламетры дарогі ён не справіўся з кіраваннем. У выніку аўтамабіль перакуліўся шэсць разоў.
Праверка паказала, што кіроўца і пасажырка аўто былі нецвярозыя — 2,49 і 2,02 праміле адпаведна. Ні кіроўца, ні пасажырка не атрымалі траўмаў, бо былі прышпіленыя рамянямі бяспекі. Само аўто атрымала шмат пашкоджанняў.
Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.