Новыя кампосцеры па 700 долараў будуць дакупляць?

Блогер Наталля расказвае Еўрарадыё пра свае няўдалыя адносіны з новай сістэмай аплаты праезду:

“У мяне праязны на паездкі, а валідатар мне піша не колькасць паездак, а... тэрмін дзеяння! Кандуктарка тлумачыць, што апошнім часам праблемы з новымі кампосцерамі ўсё часцейшыя. Быццам бы заканчваецца чарніла, а ў аўтапарках не ведаюць, як заправіць. Так што замест гэтых будуць ставіць чырвоныя старыя кампосцеры”, — кажа Наталля.

Кіруюся на прыпынак “Вакзал”. І ў першым жа тралейбусе №6 заўважаю чырвоныя старыя кампосцеры! Наступны тралейбус №20 з кандуктаркай — і тут кампосцеры часоў да Чэмпіянату свету па хакеі. На адзін тралейбус два кампосцеры электрычныя, астатнія — чырвоныя.

Кандуктарка Раіса кажа Еўрарадыё, што новыя кампосцеры  і новая сістэма аплаты праезду проста супер! Праблемы ўзнікаюць таму, што пасажырам не паведамілі, як яны працуюць.

“Вельмі зручная новая сістэма. Я нават калі спінай стаю і заходзяць людзі, я па гуку здагадваюся, хто аплаціў, а хто не. Чаму вісяць чырвоныя кампосцеры, я не ведаю, не магу вам патлумачыць”, — кажа Раіса.

Тым часам кіроўца тралейбуса кажа, што кампосцеры ламаюцца!

“Ламаюцца проста так, не пасажыры вінаватыя, а яны проста ламаюцца, і іх здымаюць! Іх не хапае”, — усміхаецца кіроўца.

Наступны — тралейбус №3: чырвоным кампосцерам па старынцы карыстаецца і кандуктарка, электронны ігнаруе.

У сталічным трамвайным парку намеснік начальніка цэха абслугоўвання Ігар Церах кажа Еўрарадыё, што кампосцеры сапраўды ламаюцца:

“За гэты тыдзень тры кампосцеры выходзілі са строю, лічыце за месяц — 9-10 кампосцераў. Два кампосцеры за сем месяцаў выходзілі са строю па гарантыі, мянялі мікрасхемы. Чатыры кампосцеры па механіцы ламаліся: спружынка выскачыла ці яшчэ што”,  — Ігар Аляксандравіч меркаванне пра тое, што ў кампосцерах можа скончыцца чарніла, лічыць глупствам і называе асноўныя “праблемныя месцы”.

“Там стужка як у старых друкарках, “капірка”. У нас нават ёсць чалавек па абслугоўванні. Закупілі пасікі, за 100 штук аддалі мо паўмільёна, яны круцяць талончык. Гэтак жа і са стужкай, яна разлічаная на год эксплуатацыі, а замена каштуе 20 тысяч рублёў. Вось і ўсё”, —намеснік  начальніка цэха тэхабслугоўвання заўважае, што вандалы таксама выводзяць са строю кампосцеры.

“Часцей за ўсё запіхваюць паперкі, грошы. Як бы намякаючы, што вось, заплацілі за праезд. Гэта блакуе сістэму, але не ламае”.

У тралейбусным парку №2 гавораць, што старыя чырвоныя кампосцеры вісяць, бо “пакуль не дакупілі новых сучасных”. Атрымліваецца, што тая скандальная закупка кампосцераў на 12 мільярдаў на сайце дзяржзакупак не апошняя?!

Дарэчы, МУС сумесна з Камітэтам дзяржкантролю ўжо тры месяцы праводзіць праверку законнасці закупкі кампосцераў па цане каля 700 долараў за штуку. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі