Новы кліп Akute: героям здавалася, што на здымкі завітаў дух Ніцшэ (відэа)

Гурт Akute прадставіў свой другі кліп на песню "Сцены" з апошняй кружэлкі "Рэальнасць і сны". Яго фішкай сталі не столькі спецэфекты, колькі сюжэт, прывязаны да тэксту песні. Паводле яго, матылёк, які заблытаўся ў павуцінні, спрабуе вызваліцца. Што і адбываецца ў выніку.


"Сетка, як мінімум, гэта сувязь паміж людзьмі, — тлумачыць сэнс відэа Раман Жыгараў.Гэта сетка нават не кахання. Гэта залежнасць, даволі крохкая, і можа разарвацца ў любы момант, што і адбываецца, дарэчы. У кліпе пад канец матылёк вырываецца і злятае. Мне падаецца, што гэта шчаслівы канец".


Ролю "матылька" ў кліпе выконвае Вікторыя Шторх. Дзеля праўдзівасці, каб глядач сапраўды адчуў боль, які адчувае матылёк, патрапіўшы ў пастку, дзяўчыну моцна звязалі.


"Калі мне прапанавалі зняцца ў кліпе Akute, я была прыемна здзіўленая і нават шакаваная. Гэта як мроя, што становіцца рэчаіснасцю, як магія", — прызнаецца Віка. Дзяўчына, чыя знешнасць скарыла хлопцаў з Akute, як апынулася, насцярожана і выбарачна ставіцца да беларускай музыкі. Але музыка магілёўскага гурта прыйшлася ёй даспадобы.


"Падчас здымак мяне звязалі вяроўкамі, вельмі нават сур'ёзна звязалі, — працягвае Віка.Тыдзень праходзілі сінякі на руках і нагах, але параўнаўча, бо песня пра боль і шнары. Гэта натуральнае і арганічнае перажыванне творчасці гэтага гурта. Чалавеку трэба вырвацца дзеля самазахавання, пераўзысці сябе дзеля развіцця. І ў гэты час ён ідзе на рызыку, праходзіць праз боль, шнары, траўмы. Гэта яго загартоўвае. Тыя вяроўкі сталі сімвалам прагі да будучыні, творчасці і свабоды. Мне калі-нікалі падчас здымак здавалася, што да нас завітаў дух Ніцшэ".


Рэжысёрам кліпа выступіў Зміцер Шкрадзюк, аператарам — Сяргей Аўсяннік з кампаніі Cinema pride. Прэзентацыя кліпа адбудзецца падчас сумеснага канцэрта Akute i The Toobes, які пройдзе ў сталічным Prime Hall 20 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі