Незалежныя прафсаюзы: Загад на пашырэнне ФПБ — дадатковы кантроль людзей

На з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў Мінску Аляксандр Лукашэнка даручыў да сярэдзіны 2016 года стварыць прафсаюзныя арганізацыі на ўсіх прадпрыемствах.

Андрэй Уладзіміравіч, — звярнуўся кіраўнік Беларусі да прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова. — Давайце дамовімся так: да сярэдзіны наступнага года ва ўсіх працоўных калектывах, усё роўна якой формы ўласнасці — прыватнай, дзяржаўнай або змяшанай, павінны быць прафсаюзныя арганізацыі”.

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў такое рашэнне тым, што кіраўнікі некаторых кампаній і фірм у пагоні за прыбыткам не надаюць належнай увагі ўмовам працы і часта перашкаджаюць стварэнню пярвічных арганізацый прафсаюзаў. Праз дагаворныя адносіны з работнікамі яны выплачваюць заробкі ў канвертах, чым пазбаўляюць іх законнага права на сацыяльную падтрымку і гарантаванае пенсійнае забеспячэнне.

Лідар незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч перакананы, што ні за мяжой, ні ў Беларусі няма ніводнага прыватніка і кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства, які б хацеў, каб у яго быў створаны прафсаюз. Бо такая арганізацыя наймальнікам не патрэбная, яна патрэбная выключна супрацоўнікам!

“Сустракайся з людзьмі, стварай арганізацыю і перад фактам стаў наймальніка! А калі ён пачне перашкаджаць стварэнню гэтай структуры, знішчаць яе, тады ёсць законны спосаб прыцягнуць наймальніка да адказнасці. А гэта ўсё будзе рабіцца зверху. Тое, што робіцца штучна менавіта ў прафсаюзах, ніколі нідзе нічога не дасягне. Гэта проста з часам разваліцца, яно не будзе працаваць. Усе ведаюць, што дзяржаўная Федэрацыя прафсаюзаў нічога не здольная зрабіць. Можа і жадаюць, але не могуць! Бо яны могуць толькі прасіць, а ў гэтай справе трэба патрабаваць. Вось у чым розніца!”

У якасці прыкладу Аляксандр Фядыніч кажа, што да яго па дапамогу рэгулярна звяртаюцца супрацоўнікі прадпрыемстваў, дзе створаныя дзяржаўныя прафсаюзы. “Бо іх праца ідзе не ад душы, не ад людзей, а ідзе зверху”, — рэзюмуе Аляксандр.

Кіраўнік незалежнага прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў таксама не верыць у паляпшэнне ўмоваў працы разам з пашырэннем колькасці прафсаюзных арганізацый. На думку Аляксандра, гэта ўсе мусяць разумець, і адзіная рэалістычная прычына для такога кроку — адсочванне агульнапалітычных настрояў.

Лукашэнка ж казаў, што прафсаюзы — гэта яго база, — развівае думку Аляксандр Бухвостаў. — Таму галоўная мэта, я думаю, каб на прадпрыемствах усіх форм уласнасці з’явіліся дзяржаўныя прафсаюзы, як адна са структур кантролю за супрацоўнікамі. Галоўная мэта — не клопат пра людзей, а клопат пра тое, каб не было якіх-небудзь хваляванняў, не ствараліся лішнія праблемы. Гэта з аднаго боку, а з іншага — гэта дадатковы ціск на прадпрымальнікаў”.

Абодва лідары незалежных прафсаюзаў узгадваюць, што яшчэ пры былым кіраўніку ФПБ Козіку такая ж ідэя праскоквала. Але яна не была рэалізаваная. Таму існуюць пэўныя сумневы, ці атрымаецца зрабіць гэта цяпер.

Нагадаем, да такога загаду Аляксандра Лукашэнку падштурхнуў кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён паведаміў, што за апошні час ФПБ стварыла 37 новых прафсаюзных арганізацый на прыватных прадпрыемствах, але адзначыў, што ў недзяржаўных арганізацыях назіраецца схаванае процідзеянне гэтаму працэсу. У прыватнасці, перамовы аб стварэнні прафсаюза ў структуры аператара мабільнай сувязі Velcom ні да чаго не прывялі. Кіраўнік ФПБ папрасіў Лукашэнку ўдакладніць заканадаўства і ўвесці адміністрацыйную адказнасць у дачыненні да наймальнікаў, якія перашкаджаюць стварэнню прафсаюза на сваім прадпрыемстве.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі