"Тым, хто ў форме, не прадаем алкаголь, але да першага крыку пакупніка"

Згодна з рашэннем Генпракуратуры ў Мінску кожная адміністрацыя раёна надзеленая правам вырашаць, калі прадаваць алкаголь ў крамах. У Маскоўскім ды Партызанскім раёне ніякай забароны няма. Бо няма крам, якія працуюць пазней за адзінаццаць вечара.

"Раней былі такія крамы. Але гэта ідзе нармальны працэс уладкавання рэалізацыі алкагольных напояў", — у Партызанскім раёне ўзгадваюць эксперымент гадавой даўніны — неяк тут забаранялі прадаваць так званае бырла, але пра вынікі той акцыі сказаць нічога не могуць. Паўтараць таксама жадання няма.

"На тэрыторыі Фрунзенскага раёна прадаюць алкаголь толькі з 8.00 да 23.00. Гандаль ад гэтага пакутуе, вядома, але трэба ж нешта рабіць! Хаця б каб каля крам не таўкліся гэтыя асацыяльныя элементы ўночы як матылькі", — кажуць у аддзеле гандлю і паслуг Фрунзенскага раёна. У гэтым раёне дзейнічае негалоснае правіла: не прадаваць алкаголь людзям ў форме. Але, як прызнаюць у гарвыканкаме, праблему з формай вырашыць у пяць секунд — зняць і ўсё.  

"Па форме забароны няма. Гэта было ў правілах арганізацыі гандлю, а потым Мінгандаль гэта прыбраў. Цяпер па раёне ёсць даручэнне не прадаваць алкаголь людзям у форме, але гэта толькі да першага крыку пакупніка".

А вось у кругласутачнай краме "Палессе", што ў Ленінскім раёне сталіцы, перастаюць прадаваць алкаголь роўна апоўначы. Тут самы кароткі перапынак у продажы алкаголю, бо набыць яго можна… з шостай раніцы!

Больш за паўгода забараняльныя меры на продаж алкаголю дзейнічаюць ў Брэсце ды Гомелі. У Гомелі, да прыкладу, алкаголь коштам да адной базавай велічыні можна набыць толькі да 22.00 вечара. Пасля гэтага часу толькі віскі ды іншыя самыя дарагія спіртныя напоі.

"Змянілася структура продажу, пасля 22.00 павялічыўся продаж вінаградных він, каньякоў, больш дарагога алкаголю", — ноччу ж можна выпіваць у барах.

"Дзе ж яшчэ піць алкаголь, піва, як не ў грамадскім харчаванні? Трэба пераарыентаваць увагу людзей, каб не з бутэлькай водкі ды на лавачку, пад пад'езд. Што ёсць пункты грамадскага харчавання. Навошта вам бутэлька паўлітра, папрасіце 100 грамаў, закажыце бутэрбродзік, паслухайце музыку…", — здзіўляюць клопатам ў Гомелі.

У Салігорску кажуць, што да 1 красавіка алкаголь можна было набыць да 23.00 вечара. А вось ужо 20 дзён, як набыць алкаголь пасля дзевятай вечара і да дзевятай ранку нельга — як і па ўсёй Мінскай вобласці.

Тут не прадаюць алкаголь падчас пасяўной і прыборкі ўраджаю людзям, якія працуюць у сельскай гаспадарцы. Але зноў жа — негалосна.

Найбольшае абурэнне чую ў сталічнай краме "Прэстан", што на праспекце Машэрава.

"У нас алкаголь можна набыць толькі да 22.00. На жаль. Угаворваюць прадаць, а як жа! Прыязджаюць паважаныя людзі за дарагім шампанскім, дарагім каньяком, а мы не можам! Прайшлі саўкоўскія часы трымаць дома бар! Людзі прывыклі ў любы час ў свабоднай краіне набыць алкаголь", — і дадаюць, што забарона не можа вырашыць праблемы алкагалізацыі насельніцтва:

"А далей што? Моладзь пераходзіць на наркотыкі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі