Настаўніца: З 28 вучняў толькі 10 змаглі б перайсці з 9 класа ў дзясяты

Іспыты ў дзявятым класе можна замяніць кантрольнымі зрэзамі, а на іх падставе пераводзіць у дзясяты клас, агучвае адзін з варыянтаў удзельніца групы па аналізе адукацыі пры Савеце міністраў настаўніца гімназіі Ірына Рамуальдаўна:

“Напрыклад, ёсць праграма: па матэматыцы, па мове, па якой настаўнік рыхтуе дзяцей да выпуску ў 9 класе. Можна рабіць зрэзы па аб’яднаных прадметах: гуманітарныя, грамадазнаўчыя, прыродазнаўчыя навукі. Добра, каб гэта былі не проста тэсты, а заданні, што правяраюць развіццё уменняў”, — прапануе Ірына Рамуальдаўна. На яе думку, нават у гімназіі 10% навучэнцаў не цягнуць праграму 10 класа.

А ў суботу вучням можна ставіць не вельмі складаныя заняткі: фізічную культуру, працу, працягвае Ірына Рамуальдаўна:

“Шасцідзёнка дасць дастатковую колькасць гадзін на адпрацоўку матэрыялу. Гэта як альтэрнатыва падаўжэнню навучальнага года. Шасцідзённы працоўны тыдзень па факце і так існуе”, — даводзіць настаўніца. Значыць, школьнікаў разгрузяць хіба меншым хатнім заданнем.

З класа, дзе 28 чалавек, толькі 10 змагло б пайсці ў дзясяты, падлічвае настаўніца з вышэйшай катэгорыяй Ірына Анатольеўна:

“У мяне два 9-х. Адзін з іх дастаткова моцны, там чалавек шэсць бы не пацягнула. А з другога, дзе 28 чалавек, толькі 10 бы пацягнулі. Многія разумеюць ужо ў дзясятым класе, што гэта не іх”.

Настаўніца сама ў школьныя гады сышла ў педвучэльню, не дачакаўшыся выпускнога класа. А з яе класа, дзе было 28 чалавек, толькі 7 цяпер маюць вышэйшую адукацыю.

Адбор у дзясятыя класы заўсёды быў, кажуць у Магілёўскім універсітэце імя Куляшова. Тут не баяцца, што праз увядзенне адбору для дзесяцікласнікаў універсітэт не далічацца абітурыентаў.

“Школьнік мог выбіраць і раней: заставацца ці ісці ў ПТВ. Адбор заўжды існаваў, страху тут няма. Наадварот — можа палепшыцца якасць”.

Адбор у дзясятыя класы ёсць і цяпер, пацвярджае настаўніца мінскай школы Юлія. Але толькі тады, калі вучань не пражывае ў мікрараёне школы.

“Абіраюць нейкі сярэдні бал, і па ім глядзяць: ці браць яго ў дзясяты клас. Але толькі тады такое можа быць, калі вучань не жыве ў мікрараёне, дзе школа. Бо тады яму адмовіць не могуць”, — тлумачыць настаўніца.

Існуе і шасцідзённы працоўны тыдзень, толькі для настаўнікаў.

“Нічога не зменіцца для нас, бо мы працуем па суботах па мерапрыемствах, факультатывах. Даводзіцца працаваць з выпускнымі класамі”.

Шасцідзённы вучэбны дзень у школе адмянілі толькі 6 гадоў таму. Тады ў Мінадукацыі планавалі пакрыць гэта за кошт 12-гадовага навучання. Пасля дадавалі больш факультатываў. Цяпер шасцідзёнку зноў плануюць вярнуць.

Фота: vmnews.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі