Настаўніца: У параўнанні з сяброўкай-медсястрой адчуваю сябе багатай

У студзені было 4,3 мільёна, а ў кастрычніку — ужо 5,3 мільёна. Цікавая тэндэнцыя, з пачатку года і да траўня заробак ужо вырас — амаль на мільён, а потым пачаў зніжацца. Затое ў жніўні заробак зноў пачаў расці — і з 4,4 мільёна дацягнуў да 5,3 у кастрычніку.

Але ці заўважылі гэты рост самі настаўнікі?

Настаўніца пачатковых класаў з трохгадовым стажам Алеся працуе ў Мінскім раёне. Яе мы заспяваем у школе. Раз-пораз Алеся супакойвае сваіх жэўжыкаў строгім: “Клас!” — дзеці імгненна цішэюць. Алеся кажа, што не верыць статыстыцы.

“Я не ведаю, дзе вы ўзялі такую статыстыку, але яна далёкая ад рэчаіснасці!"— Алеся кажа, што чула, што быццам бы заробак павінен быў вырасці. Але не ў яе канкрэтна.

Мы патэлефанавалі дзесятку настаўніц і высветлілі, што абяцаным павышэннем заробку задаволеныя не ўсе. Заробак вырас у настаўнікаў са стажам, моладзь задаволілася павышэннем прыкладна на 300-500 тысяч рублёў.

"У мяне заробак каля 4 мільёнаў. 1,5 мільёна авансу і 2,5 мільёна — сам заробак. Гэтыя грошы трэба неяк расцягнуць на месяц”.

Алеся здымае кватэру ў Бараўлянах за 250 долараў. На жыццё застаецца каля… мільёна рублёў.

“Я вось і вырашаю, ці мець дах над галавой, ці не есці. Дапамагаюць браты”, — распавядае дзяўчына і кажа, што яе заробак не залежыць ад стараннасці. — У мяне такая “стабільнасць” у разлікоўцы, і няма сэнсу працаваць неяк інакш”.

Нават з такім заробкам Алеся летам лятала ў Турцыю — на сем дзён адпачынку пайшлі ўсе адпускныя.

“Хапіла акурат на адпачынак. А потым жыла на шыі ў бацькоў два месяцы”, — Алеся разважае, што будзе працаваць настаўніцай і далей, але як толькі падвернецца нешта лепшае, адразу ўцячэ з сістэмы адукацыі.

Настаўніца рускай мовы Кацярына з Падсвілля таксама працуе ў школе тры гады. Яе заробак з пачатку года вырас прыкладна на 30 долараў. Жанчына тлумачыць гэта тым, што ў яе няма ні катэгорыі, ні вялікага стажу і нават стаўка не поўная. Таму і такі маленькі рост заробку. Жывуць Таццяна з мужам на яго заробак.

Нягледзячы на невялікі заробак — каля 2,5 мільёнаў, настаўніца рускай мовы сыходзіць са школы не збіраецца.

“Мне падабаюцца дзеці і працаваць у школе таксама. Таму я і буду тут працаваць, нават калі не падымуць заробак”,Кацярына аптымізмам і энтузіязмам шчыра здзіўляе.

А вось настаўніца Таццяна з 28-гадовым стажам, вышэйшай катэгорыяй і амаль двума стаўкамі нагрузкі з Мінскай вобласці кажа, што заробак і праўда вырас. Нават больш, чым па Белстаце! З пачатку года — амаль на 1,5 мільёна рублёў. Кажа, што нават здзівілася такому рэзкаму скачку заробка калі атрымала разлікоўку.

“Мне сяброўка тэлефанавала летам, казала, што заробкі вырастуць на 18%. Я нагадала, што ў пазамінулым годзе нам абяцалі павысіць заробак на 25% (Настаўніца смяецца). Але і сапраўды, неяк вельмі рэзка вырас заробак. Не з пачатку года, а вось з пачатку навучальнага года!”

Таццяна лічыць, што цяпер у яе заробак добры: жанчына можа больш дапамагчы сыну-студэнту і цяжарнай нявестцы.

“У мяне заробак як на заводзе цяпер. Але і на заводзе не працуюць на дзве стаўкі ды і ў параўнанні з коштамі заробак не такі і вялікі, — кажа Таццяна, якая адчула сябе багатай. — Вось размаўляю з сяброўкай-медсястрой, дык у параўнанні з ёй у мяне і заробак салідны!”

Дарэчы, згодна з Белстатам, у медсясцёр за год заробак вырас нават больш, чым у настаўнікаў — на 200 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі