Чым самыя прыбытковыя прадпрыемствы адрозніваюцца ад стратных

Чым самыя прыбытковыя прадпрыемствы адрозніваюцца ад стратных

У “топ-25 самых прыбытковых і самых стратных ААТ” па выніках 2015 года шмат цікавага. У самыя стратныя трапілі ўсе тры цэментныя заводы, ды шмат айчыннай “малочкі”, у мадэрнізацыю якіх дзяржава ўбухала вялізныя грошы. Там жа — МТЗ і “Гомсельмаш”, што летась атрымалі дзяржпадтрымку на 580 мільёнаў долараў, але так і не здолелі “выплысці”.

Якім чынам “Пінскаму камбінату хлебапрадуктаў”, адзінаму з усіх хлебазаводаў краіны, удалося патрапіць у Топ-25 прыбытковых прадпрыемстваў. Тэлефаную на камбінат і найперш віншую яго гендырэктара Васіля Невара з такім поспехам.

“Гэта не правільна, — агаломшвае мяне Васіль Невар. — Бо гэта спонсарская дапамога "Беларуськалія" на будаўніцтва комплексу. Таму…”

Атрымліваецца, што спонсарскія грошы, пералічаныя на рахунак хлебакамбіната, адмыслоўцы з Міністэрства фінансаў палічылі, як атрыманы пінчукамі прыбытак і ўнеслі камбінат у спіс прыбытковых ААТ. А што на самой справе?

Васіль Невар: “Крыху прыбытку ёсць, крыху рэнтабельнасці ёсць… Калектыў жыве, калектыў працуе”.

Сітуацыя не нашмат адрозніваецца ад усіх астатніх хлебакамбінатаў краіны. На пытанне, які хлебазавод мае прыбытак, дырэктар сумна адмахваецца: “Ай, не будзем лепш пра гэта і казаць!”.

Такая ж сітуацыя сярод мясакамбінатаў. Вось, Ваўкавыскі — сярод прыбытковых, а Барысаўскі — сярод самых стратных. У чым сакрэт?

“Мы сакрэтамі па тэлефоне не дзелімся, — з усмешкай адказвае намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйны пытаннях Алена Дзядзейка. — Што зрабіць іншым, каб дагнаць нас? Справа не ў тым, каб не траціцца, а ў тым, каб планаваць сваю дзейнасць так, каб можна было (чамусьці ў гэтым месцы суразмоўца працягла ўздыхае) нармальна жыць”.

Даваць нейкія парады калегам з іншых мясакамбінатаў Алена Дзядзейка адмаўляецца. Толькі кажа: “Калі б усё было так проста і былі нейкія такія асаблівыя сакрэты, то ўсе былі б шчаслівыя і ва ўсіх усё было б добра”.

Можа, на Барысаўскім мясакамбінаце ведаюць сапраўдную прычыну поспеху калег з Ваўкавыска і сваёй фінансавай няўдачы?

“Гэта не тэлефонная размова — гэта ўжо размова пра больш сур’ёзныя дзяржаўныя справы! — Рубіць з пляча галоўны інжынер мясакамбіната Міхаіл Белы.Мы будуем і вялізныя крэдыты. Вось і ўсё! Усё, больш я нічога казаць вам не буду!”

Вось вам і стратнае прадпрыемства: крэдыты на будаўніцтва ўзялі і ўжо сярод аўтсайдэраў! Пад якія адсоткі банкі сёння даюць тыя крэдыты, лепш не нагадваць.

Ідзем далей: у прамянях славы агракамбінат “Дзяржынскі”, у мінусах — “Скідзельскі”.

Намеснік гендырэктара па ідэалогіі і турызме агракамбіната “Дзяржынскі” Сяргей Ярмак сакрэт поспеху ведае — высокакваліфікаваныя кадры. І каб кожны з гэтых “кадраў” быў на сваім месцы.

“А ў іх там (на стратных агракамбінатах) людзі не на сваім месцы, і значыцца, атрымліваецца ў іх вельмі вялікі сабекошт прадукцыі. Пра якую прэзідэнт што сказаў? Ну, вы ведаеце: не менш, як на 25% зменшыць сабекошт прадукцыі. Над чым мы сёння і працуем. Хоць гэта і складана з улікам кошту на энерганосьбіты…”

Але ёсць і іншы сакрэт: прасоўванне сваёй прадукцыі на рынак.

Сяргей Ярмак: “Адкрылі свой гандлёвы дом у Маскве. Актыўна цяпер уваходзім у сеткі маскоўскія. Цяпер асноўны наш накірунак — гатовая прадукцыя. Не “тушка”, а кілбасы розныя — вы ж разумееце”.

Заробкі на прадпрыемстве ў межах васьмі мільёнаў рублёў.

На агракамбінаце “Скідзельскі” не згодныя лічыцца “стратным прадпрыемствам”.

“Мы прыбытковыя па рэалізацыі, а па чыстым прыбытку мы ў стратах, — эмацыйна даводзіць мне Валянціна Далатоўская, намеснік гендырэктара па ідэалагічнай і кадравай працы агракамбіната. — У нас працэнты па крэдытах банка. І ў валюце бралі крэдыты, а цяпер плацім курсавыя розніцы”.

Кажа, калі б ім далі тыя ж магчымасці ільготнага крэдытавання, што меў “Дзяржынскі”, іх аргакамбінат быў бы ў іншых топах — прыбытковых. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі