Начальніка ўпраўлення гандлю Магілёўскага гарвыканкама вінавацяць у хабары

Начальніка ўпраўлення гандлю Магілёўскага гарвыканкама вінавацяць у хабары

Следчае ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці пачало крымінальную справу на начальніка ўпраўлення гандлю Магілёўскага гарвыканкама. Жанчыну вінавацяць у атрыманні хабару, перадае БЕЛТА са спасылкай на афіцыйную прадстаўніцу УСК па Магілёўскай вобласці Аксану Салянюк.

Па звестках следчых, чыноўніца неаднаразова брала таварна-матэрыяльныя каштоўнасці ад прадстаўнікоў розных суб'ектаў гаспадарання. За гэта яна на іх карысць вырашала пытанні, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, а таксама займалася заступніцтвам і папушчальніцтвам па службе. Напрыклад, жанчына атрымала хабар ад дырэктара ПГПУП "Гандальактыў" за разгляд і ўзгадненне ў самы кароткі тэрмін рашэння па ўстаноўцы зборна-разборнай канструкцыі модульнага тыпу наўзамен наяўнага павільёна грамадскага харчавання.

Чыноўніцу ўзялі пад варту. Следчыя праводзяць вочныя стаўкі, ператрусы, аналізуюць дакументы, якія датычаць гаспадарчай дзейнасці. На маёмасць абвінавачанай накладзены арышт.

Следчыя мяркуюць, што чыноўніца брала хабар сістэматычна. Таму яны просяць грамадзян, якія маюць інфармацыю пра злачынную дзейнасць, праінфармаваць праваахоўныя органы па тэлефонах 8 (0222) 298-262, 298-163.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі