На “Варшаўцы” перанясуць онлайн-камеру, якая не паказвае рэальную чаргу на мяжы

На “Варшаўцы” перанясуць онлайн-камеру, якая не паказвае рэальную чаргу на мяжы

Ад 1 верасня ў пункце пропуску “Брэст” на беларуска-польскай мяжы пачала працаваць сістэма электроннай рэгістрацыі чаргі. Новаўвядзенне змяніла і парадак праезду мяжы. Цяпер аўтамабільная чарга пачынаецца ад “Прыпамежнага сэрвісу”, дзе праходзіць рэгістрацыя чаргі і знаходзіцца зона чакання.

Онлайн-камера ўсталявана непасрэдна перад пунктам пропуску. Яна паказвае кавалак дарогі ад “Прыпамежнага сэрвісу” да шлагбаўма памежнікаў.  На гэтым прамежку цяпер чарга не збіраецца, таму камера фактычна стала непатрэбнай.

Кіраўніцтва “Прыпамежнага сэрвісу” на сумесным пасяджэнні з “Белмытсэрвісам” разглядала гэтую праблему і прыняло рашэнне камеру перанесці. Цяпер яна будзе знаходзіцца на тэрыторыі “Прыпамежнага сэрвісу”. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў дырэктар прадпрыемства Віктар Расны. Праўда, калі дакладна гэта адбудзецца, пакуль невядома.

Па словах Раснога, онлайн-камеру хутчэй за ўсё размесцяць на электронным табло, якое паказвае парадак праезду аўтамабіляў і знаходзіцца перад зонай чакання.

Расной: “Камеру трэба ставіць перад гэтай пляцоўкай, каб людзі бачылі, поўная яна ці не. Калі поўная і выходзіць за межы сэрвісу, то зразумела, што ёсць чарга. Калі запоўнена напалову, то чаргі няма”.

Апроч камеры, якая не паказвае рэальную чаргу, шмат нараканняў было і на саму сістэму электроннай рэгістрацыі. З-за яе перыядычных збояў чарга, вядома, павялічылася. Некалькі дзён запар супрацоўнікам ДАІ нават прыходзілася разварочваць аўтамабілі ў бок “Брэсцкай крэпасці”, каб яны не ўскладнялі рух на Варшаўскай шашы.

Па словах Раснога, зараз збояў стала значна менш, чым у папярэднія дні. А калі яны і здараюцца, праблему хутка вырашае дзяжурны праграміст. Сапраўды, на момант прыбыцця Еўрарадыё (удзень 9 верасня) чэргаў за тэрыторыяй “Прыпамежнага сэрвісу” ўжо не было.

Віктар Расны спадзяецца, што чаргу ў пункце пропуску “Брэст” хутка “разгрузіць” і адкрыццё “Дамачава”. Гэты пункт пропуску, што знаходзіцца ў 40 кіламетрах ад Брэста, ад 1 ліпеня закрыты з-за рэканструкцыі маста. Чакалася, што ён зноў запрацуе 1 кастрычніка, аднак, па інфармацыі Еўрарадыё, адкрыецца ён раней — 15 верасня.

На “Варшаўцы” перанясуць онлайн-камеру, якая не паказвае рэальную чаргу на мяжы
На “Варшаўцы” перанясуць онлайн-камеру, якая не паказвае рэальную чаргу на мяжы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі