На траіх маладафронтаўцаў склалі пратаколы

На траіх маладафронтаўцаў склалі пратаколы

На траіх актывістаў “Маладога Фронту”, якіх затрымалі ў навагоднюю ноч, склалі пратаколы. Нагодай для затрымання стаў іх намер сустрэць свята на Кастрычніцкай плошчы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, пра што яны абвясцілі ў сацыяльных сетках. Адзін з лідараў арганізацыі Зміцер Дашкевіч быў затрыманы прыкладна ў 23.30 на перасячэнні вуліц Чарнышэўскага і Якуба Коласа. Дашкевіч распавёў БелаПАН, што за домам, дзе ён жыве, пільна сачылі праваахоўнікі ў чатырох мікрааўтобусах. Само затрыманне прайшло карэктна — да яго падышлі амапаўцы і прадставіліся.

Яшчэ двое маладафронтаўцаў, Арцём Леўчанка і Павел Пракаповіч, былі затрыманыя каля Акадэміі навук. Міліцыя перагарадзіла дарогу таксоўцы, у якой яны ехалі, актывістаў выцягнулі з машыны і надзелі на іх кайданкі.

У Першамайскім РУУС на Дашкевіча склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі, а на дваіх яго паплечнікаў — за нецэнзурную лаянку. У міліцыі ў затрыманых адабралі 10 бел-чырвона-белых сцягоў і 2,5 тысячы каляндарыкаў з нацыянальнай сімволікай і надпісам “2017 — 500 год беларускай Бібліі”. У міліцыі апазіцыянеры правялі каля пяці гадзінаў, пасля чаго іх адпусцілі.

Некалькі актывістаў арганізацыі ўсё ж выйшлі на плошчу і павіншавалі прысутных з Новым годам. Іх не затрымлівалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі