На рыбакамбінаце “Любань” сарвалі буйны вытворчы праект

На рыбакамбінаце “Любань” сарвалі буйны вытворчы праект

На рыбакамбінаце “Любань” сарвалі буйны вытворчы праект. Гэта канстатаваў дырэктар прадпрыемства Валерый Гормаш — гаворка ідзе пра адкрыццё цэху па вытворчасці рыбных кансерваў.

Як перадае БЕЛТА, рэалізацыя інвестыцыйнага праекту распачалася ўвосень 2012 года. Планавалася, што цэх будзе выпускаць па 20 тысяч бляшанак кансерваў кожную змену. Пад гэты праект прадпрыемства атрымала крэдыт “Банка развіцця” — 48,9 мільярдаў рублёў (недэнамінаваных). З гэтых сродкаў асвоілі 47 мільярдаў рублёў — пабудавалі цэх і закупілі абсталяванне ў розных пастаўшчыкоў, але дагэтуль не правялі пусканаладачныя працы.

Пасля ўсталявання асноўных элементаў лініі высветлілася, што яна практычна не прыдатная для перапрацоўкі рыбы сямейства карпавых, якімі пераважна займаецца рыбакамбінат “Любань”. Новая лінія пасуе для перапрацоўкі марской рыбы на спецыялізаваных суднах у прыморскай зоне.

Цяперашні дырэктар займае сваю пасаду толькі каля трох месяцаў і не мае дачынення да мінулых стадыяў рэалізацыі праекту. Мясцовыя ўлады, а таксама Камітэт дзяржкантролю высвятляюць прычыны праблемаў з адкрыццём новага цэху. Ужо вядома, што будаўніцтва цэху ажыццяўляла кампанія, якая цяпер у стадыі банкруцтва, а за мантаж абсталявання адказвала арганізацыя, якая не мае на гэта ліцэнзіі.

Каб вырашыць праблему, трэба вярнуць абсталяванне пастаўшчыку — гэта расійская кампанія, якая пагаджаецца толькі паспрыяць перапродажу машын і не гатовая вярнуць грошы за іх. Таксама былі прапановы пераналадзіць абсталяванне за 16 тысяч новых беларускіх рублёў, але такіх сродкаў прадпрыемства не мае. З-за немагчымасці нарасціць аб’ёмы вытворчасці камбінат мае фінансавыя праблемы — выручка ідзе на выплату заробкаў і пагашэнне даўгоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі