На Мядзельшчыне даішнікі абстралялі машыну парушальніка ПДР

Сапраўдную пагоню са стралянінай зладзілі ўвечары 31 сакавіка інспектары ДАІ ў Мядзельскім раёне. Як перадае БЕЛТА, увагу даішнікаў прыцягнуў аўтамабіль "Аўдзі А6", які выязджаў са стаянкі заднім ходам на вялікай хуткасці на галоўную дарогу. Кіроўца аўтамабіля не звяртаў увагі на навакольны транспарт і ствараў аварыйную сітуацыю.

Інспектары ДАІ паспрабавалі спыніць кіроўцу, але ён рэзка рвануў з месца і стаў хутка набіраць хуткасць. Дарожны патруль пагнаўся за парушальнікам з уключанымі маячкамі і сірэнай. Акрамя таго, інспектар праз гукаўзмацняльнік патрабаваў спыніцца. Але кіроўца толькі набіраў хуткасць — на прамых участках дарогі ён імчаўся з хуткасцю 160 км/гадз.

За горадам даішнікі спрабавалі абагнаць "Аўдзі", але кіроўца не прапускаў іх. Тады міліцыянты вырашылі скарыстаць табельную зброю. На папераджальныя стрэлы ўверх парушальнік не рэагаваў, таму інспектары прастрэлілі пярэдняе левае і задняе колы.

Аднак аўтамабіль працягваў рухацца і спыніўся праз некалькі кіламетраў, да мяжы са Смаргонскім раёнам. Кіроўца адмаўляўся выйсці з аўто, зачыніўшыся знутры. Разам з ім у аўтамабілі былі яшчэ чатыры хлопцы. Падчас затрымання кіроўца супраціўляўся, пашкодзіў вопратку міліцыянтаў.

Кіроўцам апынуўся 29-гадовы жыхар Смаргоні, які нідзе не працуе. Сёлета ў лютым яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Цяпер на яго могуць пачаць крымінальную справу.

Фота — gazeta.a42.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі