На Міншчыне дні апошніх званкоў і выпускных вечароў будуць Днямі цвярозасці

На Міншчыне дні апошніх званкоў і выпускных вечароў будуць Днямі цвярозасці

30 траўня, 11 і 12 чэрвеня ў Мінскай вобласці будзе забаронены продаж алкагольных напояў на ўсіх без выключэння аб'ектах рознічнага гандлю. З такой ініцыятывай выступіла міліцыя.

У каментары агенцтву БелаПАН часовы выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінскага аблвыканкама Андрэй Амбражэй паведаміў, што гэта робіцца для недапушчэння надзвычайных здарэнняў ў дні апошняга званку і выпускных вечароў. У гэтых мерапрыемствах прыме ўдзел больш за 20 тысяч школьнікаў.

Пад узмоцнены кантроль міліцыя возьме разнастайныя месцы (найперш зоны адпачынку), куды выпускнікі плануюць прыбыць са школ пасля ўрачыстых мерапрыемстваў, у тым ліку са сталічных ўстаноў адукацыі.

Дарэчы, летась пры аналагічных мерапрыемствах міліцыянты і педагогі затрымалі больш за 20 непаўналетніх за адміністрацыйныя правапарушэнні. Большасць затрымалі за ўжыванне алкагольных напояў, а таксама знаходжанне ў начны час у грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых асоб.

Некалькі нядобрасумленных прадаўцоў былі прыцягнутыя да адказнасці за гандаль спіртным падчас забароны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі