На конкурсе бармэнаў у Гродне перамог італьянец (фота, відэа)

Бармэн з Італіі Бруна Ванзан выйграў этап кубка свету "MetroFlair World Open 2015" па флейрынгу. Спаборніцтвы сярод барменаў-жанглераў прайшлі ў Гродне 30 студзеня.

Агулам на адборачны этап кубка свету World Flair Association Вялікага шлема падалі заяўкі 64 бармэны з 12 краін свету, але да Гродна даехалі 48. Сярод іх былі сем беларусаў, аднак ніхто з іх у фінал не прайшоў.

Прызавы фонд чэмпіянату ў 6 тысяч еўра разыгралі сярод 10 бармэнаў. 2000 еўра атрымаў італьянец, 1,5 тысячы і 1 тысячу — расіянін і паляк.

Найлепшай дзяўчынай-бармэнам з чатырох удзельніц спаборніцтваў стала Лізавета Собалева з Украіны, а уладальнікам тытула лепшага ў сваім майстэрстве ў Беларусі — Генадзь Ніканчык з Мінска. У якасці прыза ён атрымаў квіток гледача ў абодва бакі на конкурс "Roadhouse" у Лондане.

Сярод суддзяў у Гродне былі знакамітыя бармэны з Беларусі, Англіі, Італіі, Украіны. Удзельнікі спаборніцтваў традыцыйна рыхтавалі два кактэйлі, гэтым разам — "адвёртку" і махіта. Каб усе маглі назіраць за спаборніцтвамі, была арганізавана анлайн-трансляцыя. Акрамя таго, відэа з чэмпіянату праз пару дзён з'явіцца на сайце арганізатараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі