На Дзень Волі ў Варшаве намалююць гіганцкую паштоўку

Дзень прызнання незалежнасці БНР будуць адзначаць па ўсім свеце. Варшаўскія арганізатары акцыі ў падтрымку Беларусі сёлета збіраюцца здзівіць усіх гіганцкай паштоўкай памерам 2,5 на 3 метры. 25 сакавіка яе намалююць на адной з цэнтральных вуліц горада, даведалася Еўрарадыё ад арганізатараў хэпэнінга Ініцыятывы “Вольная Беларусь”.
Супрацоўнік “Вольнай Беларусі”:Наша таварыства арганізуе такі хэпэнінг каля брамы Варшаўскага ўніверсітэта. Мы выставім сцяну 2,5 метры вышынёй і 3 даўжынёй. Кожны, хто будзе праходзіць міма і зацікавіцца, зможа далучыцца да малявання”.
Увечары ў Варшаве таксама адбудзецца паказ фільма “Разбег” і дыскусія на тэму “25 сакавіка Дзень незалежнасці Беларусі. Якой незалежнасці і якой Беларусі?”, падчас якой адбудуцца прамыя ўключэнні з Мінска. 
Дыскутаваць пра Беларусь будуць 25 сакавіка і ў чэшскім Доме нацыянальных меншасцяў. Святкаванні ў Празе пачнуцца ўскладаннем кветак на магілы дзеячаў БНР на Альшанскіх могілках, а скончацца канцэртам спевака-барда Алеся Наркевіча. Не абміне Дзень Волі і “Суполка беларусаў Швецыі”, паведаміў Еўрарадыё яе кіраўнік Юры Кажура:
Юры Кажура:У нас у праграме будзе невялікая прэзентацыя гісторыка Андрэя Катлярчука, які робіць даследаванні беларуска-шведскіх гістарычных сувязяў. Потым мы паглядзім фільм Юрыя Хашчавацкага, праўда яшчэ не вырашылі які. 25 сакавіка гэта для нас вялікае свята”.
Пасля прагляду шведскія беларусы будуць спяваць песні, танчыць польку і есці святочную вячэру. А вось у Кіеве 25, 26 і 27 сакавіка пройдуць “Дні правільнай беларускай музыкі”. Туды прыедуць з канцэртамі гурты Серебряная Свадьба, Osimira, Kusudama, Yellow Brick Road і нават хлопцы з The Toobes.
А вось у ЗША Дзень Волі адзначылі яшчэ ў нядзелю 21 сакавіка, каб сабраць больш удзельнікаў. Святочныя мерапрыемствы па традыцыі праходзілі ў гатэлі Hyatt Regency, распавёў Еўрарадыё кіраўнік Беларуска-амерыканскага задзіночання Віталь Зайка.
Віталь Зайка: Гэта была даволі вялікая заля ў гатэлі Regency ў Нью Брансвіку, гэта недалёка ад Нью Ёрку. Гэта была святочная акадэмія, банкет і канцэрт. Там бралі ўдзел трыо сям’і Казакоў, і таксама паэт і бард Сяржук Сокалаў-Воюш”.
Фота: www.westki.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі