На Данбасе праз тры месяцы можа здарыцца экалагічная катастрофа

Свае асцярогі яны агучылі 24 кастрычніка на канферэнцыі Міжнароднага адукацыйнага цэнтру ў Кшыжове (Польшча). Паводле эколагаў, вялікае бедства пагражае не толькі Данбасу, але і паўднёвым рэгіёнам Расіі, перадае БелаПАН.

Паводле старшыні Харкаўскай гарадской арганізацыі “Саюз Чарнобыль” Анатоля Губарава, сёння на Данеччыне і ў Растоўскай вобласці Расіі адбываецца самаадвольнае некантраляванае затапленне прамысловых шахтаў. У тым ліку затоплены шэраг шахтаў у раёне Енакіева, якія знаходзяцца паблізу з шахтай “Юнком”. У 1979 годзе там здзейснілі ядзерны выбух. Цяпер шахта запоўненая напалову, але ўсяго праз два месяцы моцна забруджаная радыяцыяй вада ўздымецца на паверхню.

Апроч таго, каля Горлаўкі размяшчаецца шахта “Аляксандр-Захад”, у якую ў 1989 годзе трапіла каля 50 тон атрутнага рэчыва — монахлорбензола. Затым рэчыва ўтварыла яшчэ больш небяспечнае хімічнае злучэнне. Вада трапляе ў гэтую шахту і праз тры-чатыры месяцы будзе на паверхні.

У Растоўскай вобласці Расіі размяшчаюцца каля 25 забруджаных шахтаў і ў іх таксама трапляе вада.

Паводле Губарава, на Данеччыне гэтая праблема не вырашаецца, бо тэрыторыі, дзе размяшчаюцца праблемныя шахты, не кантралююцца Украінай. Там разбураная інфраструктура і ніхто не адпампоўвае ваду. Эколаг дадаў, што баіцца “чарговага Чарнобылю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі