На чорным рынку квіткі на фінал чэмпіянату свету прадаюць па 500 долараў

“Па 500 долараў. Трыбуна C, сектар F. Гэта звычайныя квіткі, не нейкія электронныя”, — запэўнівае мяне малады мужчынскі голас з трубкі.

Патрэбны нумар тэлефона лёгка знаходжу на папулярнай інтэрнэт-барахолцы. Як высвятляецца, там можна набыць амаль любы квіток — новыя аб’яўкі з’яўляюцца ледзь не кожную хвіліну. Самыя дарагія білеты, вядома, на фінал чэмпіянату. Жадаючых набыць іх значна больш, чым прапановаў. Ажыятаж на іншыя матчы значна меншы, складана знайсці квіток хіба на матч паміж зборнымі Беларусі і Расіі, а таксама на гульні гэтых каманд з іншымі зборнымі. Сярэдні кошт квітка на матч паміж беларусамі і расіянамі вагаецца ў раёне 100 долараў і залежыць ад сектара. Даражэйшыя квіткі на паўфіналы (у сярэднім 200-300 долараў), а таксама на гульню за трэцяе месца (каля 350-ці).

Білеты на менш папулярныя матчы можна знайсці амаль без праблем і нацэнак. Ёсць прапановы нават за 10 долараў, то бок, па сабекошце.

Калі вельмі пастарацца, то квіткі без нацэнкі можна знайсці нават на фінал. Прынамсі, так мяне запэўнівае сталы жаночы голас з трубкі. Праўда, кошт усё ж кусаецца. Палова сярэдняга сталічнага заробку за дзве гадзіны спартыўнага відовішча — гэта зусім не мала.

“На фінал у мяне тры квіткі. Па 350 долараў. Яны з чэкам, з усім. Як плацілі, так і прадаём. Бо дачка па сямейных абставінах не можа паехаць”.

Патрэбны нумар знаходжу проста ў каментарыях на сайце ticketpro, праз які прадаюцца электронныя квіткі на ўсе гульні чэмпіянату. Прапановаў там значна менш, чым у іншых месцах, але затое і шансы нарвацца на спекулянтаў меншыя. Уладальніца трох непатрэбных квіткоў на фінал кажа, што па сабекошце гатовая прадаць таксама білеты на паўфінал і гульню за трэцяе месца.

“Ну, вось я два не хацела б прадаваць. Альбо тры, альбо адзін. Бо на два квіткі я ўжо маю пакупнікоў. А яшчэ маю квіткі на гульню за трэцяе месца, на паўфінал”.

Перапродаж квіткоў па сабекошце, дарэчы, ніякім чынам не караецца — гэта абсалютна легальна. “Накрыць” могуць толькі за павышаныя кошты.

Тым часам чэмпіянат свету ў Мінску выйшаў на трэцяе месца па наведвальнасці за апошнія 14 гадоў. У сярэднім, на матчы ходзіць 9089 чалавек. Гэта нават больш, чым на гульнях першынства ў Канадзе — 8834. Першае месца пакуль займае чэшскі чэмпіянат 2004 года. Яго ў сярэднім наведвала па 9859 чалавек за гульню. А на другой пазіцыі нечакана Германія — у сярэднім 9800 заўзятараў на кожным матчы. Праўда, наведвальнасць беларускага чэмпіянату павінна значна павялічыцца — наперадзе самыя цікавыя гульні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі