На былых “чарнобыльскіх” землях будуць вырошчваць корм для кароў?

“Выключыць зямельныя ўчасткі ў Касцюковіцкім раёне агульнай плошчай 28 гектараў з радыяцыйна небяспечных зямель і перавесці іх у гаспадарчае выкарыстанне Касцюковіцкага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Калгас "Парыжская камуна"”, — паведамляецца ў пастанове Савета міністраў ад 20 жніўня. А 216 гектараў пераводзяць у землі "абмежаванага карыстання".

“Беларускаму цэментнаму заводу” паводле пастановы даюць 100 гектараў зямель. На заводзе пра гэта нічога сказаць не могуць.

“Ніякай пастановы мы не бачылі і нічога сказаць не можам”, — рэагуюць на новыя землі дбайныя гаспадары.

Пра новыя землі ў гаспадарцы “Парыжская камуна” даведваюцца ад… Еўрарадыё, праз 6 дзён пасля Пастановы. І тут пра выкарыстанне “багацця” нічога сказаць не могуць.

Радыеактыўныя ў мінулым землі цяпер можна засаджваць кармавымі культурамі, супакойваюць у Магілёўскім філіяле Інстытута радыялогіі. Але пераймаюцца, каб у калгасе выканалі рэкамендацыі.

“Мы састаўлялі прагнозы па кожным з участкаў асобна. У асноўным, землі ідуць на травяныя кармы. Ворных культур там абмежаваны спіс, можна рапс хіба садзіць на алей. Добра, калі гаспадаркі выканаюць хоць агульныя рэкамендацыі”, — расказваюць Еўрарадыё.

А 28 гектараў, якія цалкам вывялі з “небяспечных” можна засаджваць чым заўгодна.

На гэтыя землі прэтэндавалі даўно, адразу кажуць у Магілёўскім аблвыканкаме, але жаданні гаспадарак чыноўнікі выканалі не цалкам.

“Яны прасілі большую плошчу, але далі заключэнне толькі на такую. Гэтыя землі знаходзяцца ля абласной дарогі. Яны не зараслі. Там няма ні карчоў, ні дрэваў. Мы рабілі іх даследаванне, там толькі пэўныя культуры можна вырошчваць, і іх далей будуць кантраляваць”, — апісваюць у Магілёўскім аблвыканкаме.

Шкодныя рэчывы на гэтых землях ужо маглі прайсці перыяд паўраспаду, тлумачыць кандыдат хімічных навук, дацэнт радыеэкалогіі Уладзіслаў Міронаў

“Гэтыя землі былі забруджаныя цэзіем. У яго 30 гадоў паўраспаду. Але кантроль там мусіць быць абавязкова, да таго ж, кожны аграном мусіць праводзіць выпрабаванні. Калі, напрыклад, карова ідзе на малако ў гаспадарцы, яе мусяць карміць чыстымі кармамі. Калі на мяса, то можна і іншымі кармамі, але на момант забою таксама чыстымі кармамі”, — тлумачыць Уладзіслаў Міронаў.

Але пасля аварыі на АЭС у Чарнобылі прайшло толькі 28 гадоў, не 30. Нагадаем, 66% глебаў у Беларусі былі забруджаныя цэзіем.

Фота: 15min.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі