МЗС: Расіі няма чаго баяцца стварэння ў Беларусі цэнтраў для бежанцаў

МЗС: Расіі няма чаго баяцца стварэння ў Беларусі цэнтраў для бежанцаў

Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык пракаментаваў расійскім СМІ стварэнне цэнтраў для бежанцаў у нашай краіне.

Нагодай сталі выказванні кіраўніка расійскай дыпламатыі Сяргея Лаўрова. На прэс-канферэнцыі 17 студзеня ён заявіў, што дамоўленасць паміж Беларуссю і Еўрасаюзам пра стварэнне цэнтраў часовага ўтрымання бежанцаў "стварае пытанні і магчымасці для злоўжыванняў".

У сваім адказе Мірончык падкрэсліў, што сёння Беларусь — адна з нешматлікіх краінаў кантынента, якая эфектыўна і цывілізавана займаецца праблемай міграцыі. Ён нагадаў, што нават калі ў Беларусь прыехалі 160 тысяч украінскіх уцекачоў, у нас не ствараліся ніякія "лагеры", не было праблемаў з рассяленнем і г.д.

"Мы ўпэўненыя, што ў нашых расійскіх партнёраў няма ні найменшай падставы для заклапочанасці ў сувязі з дамоўленасцю Беларусі і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі стварыць у нашай краіне адпаведных самым сучасным стандартам цэнтры часовага ўтрымання замежных грамадзян. Фінансаванне гэтай працы будзе ажыццяўляцца пры падтрымцы Еўрапейскага саюза", — заявіў Мірончык.

Беларускі дыпламат нагадаў, што 10 гадоў таму Расія займалася абсалютна тым самым. Тады Міжнародная арганізацыя па міграцыі і Еўрасаюз ажыццяўлялі такі самы праект па рэадмісіі ў рамках Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, Расія ўдзельнічала і ў іншых падобных праектах з Еўрасаюзам. Тады таксама Міжнародна арганізацыя па міграцыі пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза дапамагала ствараць у Расіі цэнтры па размяшчэнні бежанцаў, якіх вяртаюць з Еўрасаюза ў Расію ў рамках рэадмісійных пагадненняў.

Прадстаўнік МЗС Беларусі нагадаў, што наша дзяржава тады не ставіла ніякіх пытанняў перад афіцыйнай Масквой і не выказвала ёй заклапочанасці з гэтай нагоды.

"Паўтару, Беларусь цяпер робіць роўна тое ж самае, што і Расія троху раней. Адзінае адрозненне — на той момант Расійскай Федэрацыяй ужо было заключана пагадненне аб рэадмісіі з ЕС і, адпаведна, у яе мелася абавязанне прымаць нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў Еўрасаюз праз расійскую тэрыторыю. У нас цяпер такога абавязання няма, г.зн. мы працуем з улікам расійскага вопыту і на папярэджанне магчымых праблем", — дадаў Мірончык.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі