МЗС Беларусі намякае Мінфіну ЗША на поўную адмену санкцый

МЗС Беларусі намякае Мінфіну ЗША на поўную адмену санкцый

18 кастрычніка памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк на брыфінгу ў Мінску паведаміў, што Злучаныя Штаты падоўжылі прыпыненне санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. Міністэрства замежных справаў Беларусі адрэагавала на гэтае рашэнне афіцыйным каментаром.

"Мы вітаем рашэнне амерыканскага боку аб працягу прыпынення санкцый у дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Пры гэтым мы застаемся перакананымі ў тым, што поўная адмена існуючых санкцый ЗША самым спрыяльным чынам садзейнічала б больш дынамічнаму развіццю беларуска-амерыканскіх адносін", — сказана ў паведамленні на сайце МЗС.

Прыкладна такі ж каментар беларускія дыпламаты пакінулі год таму, калі 29 кастрычніка Злучаныя Штаты змякчылі санкцыі ў дачыненні шэрагу беларускіх кампаній. “Беларускі нафтавы гандлёвы дом”, канцэрн “Белнафтахім”, Belneftekhim USA Inc., заводы “Белшына”, “Гродна Азот”, “Гродна Хімвалакно”, “Нафтан”, “Лакафарба”, “Полацк-Шкловалакно” атрымалі магчымасць праводзіць транзакцыі, хаця іх маёмасць і засталася замарожанай.

Санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя яшчэ ў 2006 годзе на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша. З тых часоў яны перыядычна падаўжаліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі