МУС: Міліцыянт, які страляў у мінчука, меў права прыбыць на выклік адзін

МУС: Міліцыянт, які страляў у мінчука, меў права прыбыць на выклік адзін

Супрацоўнік аператыўна-дзяжурнай службы, які страляў у мінчук раніцай 1 студзеня, меў права адзін прыбыць на месца здарэння. Пра гэта, як перадае БелаПАН, заявіў начальнік упраўлення аховы правапарадку МУС Беларусі Дзмітрый Кур'ян на прэс-канферэнцыі 3 студзеня.

Па яго словах, яшчэ два міліцыянты, пра якіх кажуць сваякі параненага, з'явіліся ў пад'ездзе пазней.

Між тым, у жывым эфіры Еўрарадыё былы начальнік Фрунзенскага РУУС Мінска Алег Гайдукевіч заявіў, што міліцыянт не меў права прыбываць на такі выклік адзін. Па яго словах, ужо некалькі гадоў дзейнічае адпаведны загад міністра ўнутраных спраў.

Як паведамлялася раней, здарэнне адбылося зранку 1 студзеня. Сержант прыбыў па скарзе суседзяў, якім не спадабаўся шум у адной з кватэраў. Па версіі міліцыі, мужчына, які выйшаў з кватэры, напаў на супрацоўніка міліцыі, стаў яго біць і спрабаваў забраць пісталет. Міліцыянт, нібыта, папярэдзіў нападніка вусна, потым зрабіў папераджальны стрэл убок, пасля чаго два разы стрэліў у мужчыну.

Нападніка затрымалі і даставілі ў ваенны шпіталь на лячэнне. Пазней стала вядома, што ў яго скразныя раненні ў грудзі і левы ступак. Супрацоўнік міліцыі шпіталізаваны з чэрапна-мазгавой траўмай і іншымі пашкоджаннямі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі