МУС адмовіла Танкачовай у скарачэнні тэрміну забароны на ўезд у Беларусь

МУС адмовіла Танкачовай у скарачэнні тэрміну забароны на ўезд у Беларусь

Хадайніцтва на імя міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча праваабаронца Алена Танкачова накіравала 5 кастрычніка. І атрымала адмову. Гэта другая адмова на яе зварот.

Танкачова: “Першы раз такое хадайніцтва я падала ў студзені 2016 года, па заканчэнні года з моманту высылкі. Атрымала адмову. І больш за тое ― атрымала ў тым жа тэксце папярэджанне аб крымінальнай адказнасці, калі я ўсё ж паспрабую праехаць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Калі мінула паўгода, я вырашыла паўтарыць хадайніцтва, але атрымала адмову ў скарачэнні тэрміну забароны на ўезд”.

Па словах Алены Танкачовай, у сваім хадайніцтве на імя міністра ўнутраных спраў яна ўказала, што ў Беларусі жыве яе дачка, сама яна мае тут і кватэру. Не дапамагло.

Як стала вядома Еўрарадыё, напярэдадні атрымання адказу з МУС Беларусі Алену Танкачову абралі каардынатарам працоўнай групы Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці “Усходняе партнёрства”. А гэта азначае, кажа праваабаронца, што яна будзе каардынаваць працу грамадскіх арганізацый Беларусі ў сферы правоў чалавека: сачыць за тым, як праходзіць дыялог паміж Беларуссю і ЕС па правах чалавека.

Ці будзе падаваць новае хадайніцтва у МУС, Алена Танкачова яшчэ не вырашыла. Адмова ўдарам для яе не стала.

Танкачова: “Калі я ў студзені атрымала адмову, то для мяне гэта было дастаткова моцным стрэсам. Мне падавалася, што яны ўсё, што хацелі, ужо зрабілі: і выгналі з краіны, і прымусілі дастаткова моцныя змены ў жыцці зрабіць. А цяпер было практычна абыякава тое, што яны адкажуць”.

Нагадаю, рашэнне аб высылцы беларускай праваабронцы з расійскім грамадзянствам, кіраўніка Цэнтра прававой трансфармацыі, Алены Танкачовай з Беларусі тэрмінам на тры гады было прынятае 5 лістапада 2014 года. Фармальнымі падставамі для такога рашэння сталі факты перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя камерамі відэаназірання. 21 лютага 2015 года яна пакінула краіну. Цяпер жыве ў Літве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі