Morcheeba — паміж гіпнозам і экстазам

Мы крочым на канэцрт з думкамі: а ці памятаюць у Беларусі гурт, лепшыя часы якога прыходзяцца на канец 90-х? У зале Prime Hall становіцца зразумела — памятаюць. Пакуль публіка энергічна запаўняе танцпляц, адказнымі за атмасферу ў зале выступаюць беларусы “Shuma”. У якасці сапарту музыкаў абрала сама Скай Эвардс. Дарэчы, брытанскія музыкі выходзяць паслухаць беларусаў і ўхвальна адгукаюцца аб іх выступе.  “Shuma” грае сэт у 30 хвілін і абвяшчае, што Morcheeba выйдзе на сцэну праз паўгадзіны.

Пасля пільнай праверкі ўсіх інструментаў тэхнікамі пад гучныя апладысменты на сцэне з’яўляюцца і самі музыкі. Ужо з першымі акордамі кампазіцыі “Trigger Hippie” да гурта далучаецца і тая, чый аксамітны голас гіпнатызуе і прымушае рухацца ў рытм музыцы.

Бліскучая прыгажуня Скай Эвардс зачароўвае гледачоў белазубай усмешкай і словамі: “Я ведаю, гэтую песню вельмі любяць у вашай краіне”. Бязмежна абаяльная, яна мякка рухаецца да мікрафона і какетліва пытаецца: “Вам падабаецца мая сукенка? Я сама яе зрабіла!” Вобраз казачнай птушкі вельмі пасуе спявачцы — яна ўвесь вечар літаральна лунае над сцэнай, а пластыка і танцы Скай не менш прыцягальныя за яе песні і голас.

“Гэта нейкая хімія”, – абмяркоўваюць дзяўчаты побач з намі і пачынаюць падсвядома паўтараць рухі спявачкі, летуценна заплюшчваючы вочы.

“Я люблю Morcheeba за неверагодна душэўную музыку, якая стварае такі настрой, пры якім хочацца жыць, думаць. Пад гэтую музыку прыгадваюцца толькі станоўчыя моманты. А ў такое надвор’е гэта проста выратаванне ад дэпрэсіі!” — дзеліцца ўражаннямі слухач Зміцер.

Тым часам Скай Эдварс відавочна не хочацца спяваць адной. Яна кантактуе з публікай, цікавіцца, як у Беларусі святкуюць Каляды і вельмі смяецца, дазнаўшыся, што падарункі часцей за ўсё беларусы адкрываюць у ноч на 1-е студзеня. “Гэта наш лепшы канцэрт, — смяецца Скай, звяртаючыся да сваіх музыкаў. — Мы абавязкова вернемся ў Беларусь!”

Пасля "Blindfold" і "Rome Wasn't Built in a Day" музыканты сыходзяць са сцэны на некалькі хвілін. Публіка настойліва выклікае каманду “на біс”. І калі атмасфера і гул у зале ўжо максімальна распальваюцца, Скай з камандай зноў з’яўляецца на сцэне, каб выканаць яшчэ тры кампазіцыі: “Over and over”, “Fear and love”, “Let me see”.

“Яны такія чароўныя і так расслабляюць! — перабіваюць адна адну дзяўчаты ля сцэны, якія любяць гурт з тых самых 90-х — Morcheeba — гэта настальгія! І гэта сэкс! Нам сапраўды спадабалася! Скай Эдвардс, такая мілая і мяккая, такая “cute”!”

“У свой час мы ўсе прачыналіся і засыналі пад гэтую музыку ў інтэрнаце “ін'яза”, — дадае Аляксандр, які далучаецца да нашых суразмоўцаў. — Morcheeba — гэта ў пэўнай ступені нават лепш за Rolling Stones і U2! Разумееце? Rolling Stones — гэта любому дурню зразумела. А Morcheeba — гэта музыка для абраных”.

Падчас выступу спявачцы падарылі яе партрэт

“Гэта лаўндж, адпачынак, і палёты ў часе! Не так многа артыстаў і гуртоў, якія цяпер даюць настрой і энергетыку. А не проста граюць канцэрты ці становяцца “фарматнымі””.

Безумоўна, выступ Morcheeba — адзін з лепшых падарункаў меламанам напрыканцы сыходзячага года. Што да жывых выступаў гурта, Еўрарадыё ўпэўнілася, што яны сапраўды неверагодна магутныя і гіпнатычныя, драйвовыя і адначасова незвычайна кранальныя.

Поўны сэт-ліст канцэрта  выглядае так:

Trigger Hippie

Under The Ice

World Looking In

Part Of The Process

Otherwise

Moog Island

Col

Bloode Like Lemonade

Slow Down

The Sea

Blindfold

Rome Wasn't Built in a Day

-----------

Over and over

Fear and love

Let me see

Тэгі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі