Мінскую краму "Лакомка" адчыняць да Дня горада

Мінскую краму "Лакомка" адчыняць да Дня горада

На пачатку верасня адчыніцца славутая кандытарская крама "Лакомка" на праспекце Незалежнасці ў Мінску, пішуць "Мінск-Навіны".

Як паведамлялася раней, у верасні 2015 года краму хацелі зачыніць, каб зрабіць там рэстаран хуткага харчавання Burger King. За легендарную краму заступіліся мінчукі, якія дасылалі лісты ў Мінгарвыканкам з просьбай захаваць "Лакомку".

Чыноўнікі прыслухаліся да жыхароў сталіцы. У ліпені 2016 года краму перадалі ў арэнду кандытарскай фабрыцы "Камунарка". У краме захаваўся ўвесь былы калектыў. Цяпер там заканчваюцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы.

Па словах гендырэктара СААТ "Камунарка" Івана Данчанкі, пры рэстаўрацыі ў краме пастараліся максімальна ўзнавіць яе гістарычнае аблічча, спалучыўшы з трэндамі сённяшняга дня. Вопратка прадаўцоў распрацаваная па матывах нацыянальнага беларускага касцюма. У гандлёвай зале будуць працаваць восем касаў. Таксама ў абноўленай "Лакомцы" адчыніцца кавярня на 19 пасадачных месцаў.

У краме будуць прадаваць кандытарскія вырабы ручной работы, распрацаваныя спецыяльна для яе. "Гэта і шакаладнае канапэ, і эскімо з птушынага малака. Таксама можна з гэтых цукерак проста ў краме зрабіць сабе набор "Збяры падарунак сам", які тут жа будзе запакаваны ў элегантныя скрыначкі. Рыхтуецца серыя Code de Fleur (мова кветак). Пад яе ствараюцца унікальныя шакаладныя шкляначкі, якія напоўняць рознымі крэмамі з марцыпанаў, арэхамі, збожжам. Усе цукеркі будуць з невялікім тэрмінам прыдатнасці, ручной работы і толькі з натуральных прадуктаў", — распавёў Данчанка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі