Мінскія дольшчыкі папрасілі Лукашэнку дапамагчы дабудаваць дом (відэа)

Удзельнікі долевага будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў Мінску па адрасе 3-ці Чыгуначны завулак, 10 звярнуліся з відэазваротам да кіраўніка дзяржавы. На гэты крок іх падштурхнула бяздзейнасць забудоўшчыка ― дзяржаўнага аб'яднання "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка", падпарадкаванага непасрэдна Мінгарвыканкаму.

12-павярховую секцыю дома павінны былі здаць яшчэ ў чэрвені 2014 года. Але на сёння яе гатоўнасць ― усяго 68%. Будаўнічыя працы цалкам спыненыя ў красавіку 2015 года.

“Цяпер ніводнага рабочага няма, бо забудоўшчыкам не выкананыя фінансавыя абавязкі перад падрадчыкам”, ― кажа старшыня таварыства уласнікаў Анатоль Шамякін.

Цікава, што дольшчыкі заплацілі поўны камерцыйны кошт за свае кватэры, але грошай на будаўніцтва па невядомых прычынах не хапіла. Людзі кажуць, што спакойна ўкладаліся, бо забудоўшчык ― дзяржаўнае аб'яднанне. Куды ж зніклі грошы?

“Я не ведаю, ― адказвае на сустрэчы з дольшчыкамі цяперашні кіраўнік МГЖГ Віталь Смірноў. ― Займаюцца следчыя. Ёсць працэдура следчых органаў. Якая яна, я не ведаю”.

З моманту пачатку будаўніцтва дома трэці раз змяніўся кіраўнік мінскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А куды зніклі грошы, застаецца незразумелым.

“Аргументаў прыводзілася шмат: і што грошай не хапае, і нібыта дамова была складзеная з падрадчыкам некарэктна, і нібыта сабекошт складае 1100 долараў за квадрат, ― распавядае Анатоль Шамякін. ― Хаця зразумела, што гэта немагчыма. Мы не раз звярталіся да розных чыноўнікаў, старшыні Мінгарвыканкама, міністра будаўніцтва, усе нас слухалі, але на справе ніякай дапамогі не аказвалі. Павінна быць жорсткае кадравае рашэнне адносна забудоўшчыка, тым больш, што гэтая арганізацыя падпарадкоўваецца гарвыканкаму”.

Для заканчэння будаўніцтва МГЖГ разлічвае на пазыку ад Мінгарвыканкама.

“Падрадчык знізіў кошт, як мы яго прасілі. Для завяршэння будаўніцтва трэба 27 мільярдаў. Вярнуць з гэтай будоўлі мы зможам 21 мільярд. Мэр можа выдзеліць пазыку ў 21 мільярд, а 6 мільярдаў — будзем шукаць спосабы зрабіць будаўніцтва таннейшым”, ― кажа дырэктар жыллёвай гаспадаркі Віталь Смірноў.

Кіраўнік Мінгарвыканкама ў выніку пагадзіўся выдзеліць 23 мільярды на заканчэнне будаўніцтва. Без гэтай сумы ўсё прадпрыемства “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка” магла б стаць банкрутам. Здавалася б, усё добра, і будаўніцтва павінна аднавіцца. Аднак высвятляецца, што гэтыя грошы камунальнікі не могуць атрымаць: МГЖГ папросту не можа ўзгадніць усе неабходныя дакументы.

Дарэчы, даўгабудам аб'ект не прызнаюць па даволі цікавай прычыне. Дом складаецца з трох секцый. Трэцяя чарга будаўніцтва, 15-павярховая секцыя, павінна быць здадзеная сёлета ў жніўні. І нягледзячы на тое, што на яе месцы няма нават катлавана, увесь дом не лічыцца даўгабудам. Прынамсі, да жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі