Мінскае "Дынама" вырвала перамогу ў "Вікторыі" (відэа)

Мінскае "Дынама" вырвала перамогу ў "Вікторыі" (відэа)

У чацвер мінскае "Дынама" выйграла на "Барысаў-Арэне" ў чэшскай "Вікторыі" — 1:0. Гэта быў чарговы матчы групавога раўнда футбольнай Лігі Еўропы. У асноўны час галоў не было. "Дынама" вызначылася ў даданыя хвіліны, калі ў штрафной гасцей быў збіты Фатас Бечырай. Ненад Адамавіч пенальці не забіў, але патрапіў у браму другім ударам.

На апошніх хвілінах адбыўся кур'ёзны выпадак. Дынамавец Алег Вераціла ішоў з поля на замену і зняў майку ды прадэманстраваў іншую майку з надпісам "Дзякуй за цёплыя гады ў "Дынама"!". Суддзя паказаў гульцу жоўтую картку, якая аказалася ў яго другой, а значыць за ёй з'явілася чырвоная. Такім чынам, замены ўжо не было, Верацілу проста выдалілі з поля. Дынамаўцы дагульвалі ў меншасці і якраз у няроўных складах забілі гол.

Нагадаю, у гасцях 17 верасня "Дынама" прайграла "Вікторыі" з лікам 0:2.

Такім чынам у "Дынама" і "Вікторыі" стала па 3 ачкі. У нашай групе "Е" лідыруе "Рапід" з 12 ачкамі, "Вільярэал" мае 9. Сёння позна ўвечары яны сустракаюцца ў Іспаніі.

10 снежня "Дынама" згуляе апошні матч групавога раўнда ў гасцях з "Рапідам".

На здымку: Трыбуны "Барысаў-Арэны" сёння запаўнялі з дапамогай вайскоўцаў. Фота: Прессбол

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі