Міністр спорту пра хакей: Нам сорамна. Нават калі прэзідэнт нічога не выказаў

Міністр спорту пра хакей: Нам сорамна. Нават калі прэзідэнт нічога не выказаў

Еўрарадыё: Якія высновы зробленыя па выніках выступу нашай зборнай на хакейным чэмпіянаце?

Аляксандр Шамко: Панікі няма і быць не можа. Але пры гэтым, безумоўна, і мая ацэнка, і ацэнка федэрацыі, ды і ўсіх заўзятараў: незадавальняючы выступ. Таму асноўныя высілкі цяпер трэба накіраваць на тое, каб выступіць удала на алімпійскай кваліфікацыі. Праца вядзецца ад моманту вяртання каманды на радзіму і ўсе гэтыя пытанні з Ігарам Рачкоўскім (старшыня федэрацыі хакея, — Еўрарадыё) мы абмяркоўвалі. Я думаю, што высновы будуць зробленыя, тактычныя — найперш. Будзе ацэнка: у правільным накірунку ці не спрацавалі федэрацыя, міністэрства спорту — мы адказнасць таксама падзяляем за вынік. Але ўсё лепш стане бачна пасля алімпійскай кваліфікацыі восенню.

Еўрарадыё: Але якія могуць быць наступствы для хакеістаў, прэміяльных пазбавяць, заменяць гульцоў зборнай?

Аляксандр Шамко: Гэта будзе комплекс мер. Узяць ды пакараць некага? Ну, калі ад гэтага нешта зменіцца… Тут жа праца і ўсяго трэнерскага штаба, федэрацыі… Цяпер распрацоўваецца план, аналітыка падрабязная і дэтальная: што не атрымалася, як не атрымалася? І таму я не хацеў бы цяпер даваць пакрокавыя указанні ігракам, спартсменам і трэнерам. Паглядзім, меры будуць прынятыя, яны ўжо прымаюцца. Тым не менш, я перакананы: цяпер нельга мяняць галоўнага трэнера. Трэнерскі штаб сфармаваны, і яму трэба даць магчымасць выправіць памылкі, якія мы здзейснілі.

Еўрарадыё: Чакаць, што паляцяць галовы, не даводзіцца?

Аляксандр Шамко: Не, вядома.

Еўрарадыё: Вядома, што кіраўнік Беларусі любіць хакей. Калі стаў зразумелы вынік удзелу нашай каманды ў чэмпіянаце не было думак: “Што Аляксандр Рыгоравіч на гэта скажа?!”.

Аляксандр Шамко: Нам трэба не толькі чакаць, пакуль нас раскрытыкуе прэзідэнт: мы ж працуем не за страх, а за сумленне. Вы павінны гэта разумець! Так мы і працавалі, не за страх, а за сумленне. Незалежна ад таго, якая рэакцыя будзе ў прэзідэнта, нам сорамна. Нават калі ён нічога публічна не выказаў. Ніхто задавальнення толькі ад таго, што мы засталіся ў вышэйшым дывізіёне, не атрымаў, паверце.

Еўрарадыё: Звычайна ў спартовых няўдачах вінаваціць спартсменаў…

Аляксандр Шамко: Вы хочаце, каб я назваў вам канкрэтныя прозвішчы: гэты, вось гэты і вунь той, так? Я вам сказаў, што шэраг пазіцый сёння вядомы. Я не хачу тут нешта раскладаць, але калі аналітыку правесці… Групавы турнір — колькі мы шайб прапусцілі? 32! Гэта які паказчык? Самы найгоршы! Відавочна, што не сыграла абарона, варатарская лінія не лепшым чынам. Ад гэтага — выдаленні, дрэнная гульня ў меншасці, прапушчаныя шайбы. Не злавілі ад пачатку гульню, гэта таксама паўплывала. Эксперты федэрацыі сёння працуюць, каб выправіць іх і не дапусціць самага горшага варыянту, у алімпійскай кваліфікацыі патрэбная толькі перамога.

Еўрарадыё: Дзякуй вам за такі экспрэс-аналіз, але я хацеў спытацца пра тое, што вінавацяць спартсменаў, але ці ёсць у дадзеным выпадку вінаватыя ў няўдачы сярод спартовых чыноўнікаў? Ці бачыце вы тут віну канкрэтна старшыні Федэрацыі Рачкоўскага?

Аляксандр Шамко: … Дзякуй за ўвагу!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі