Мінімальны бал для паступлення у ВНУ: 15, 20, 7 і зноў 20

Каб паступіць ва ўніверсітэт, трэба будзе набраць 20 балаў са 100 на цэнтралізаваным тэставанні па профільным прадмеце. Напрыклад, ідзеш на матэматычны, здай матэматыку на 20. З такой прапановай выступае намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш:

"Міністэрства адукацыі лічыць, што заніжэнне значэнняў парогавых балаў ва ўмовах нізкага конкурсу не дазволіць адабраць лепшых абітурыентаў для атрымання вышэйшай адукацыі і ў доўгатэрміновай перспектыве прывядзе да зніжэння якасці падрыхтоўкі і ўзроўню спецыялістаў, якія выпускаюцца".

Мяняць парогавыя балы стала традыцыяй. У 2007 годзе ў першы раз вырашаюць абмежаваць паступленне ў ВНУ. Набраў 15 балаў са 100 і паступіў. Ужо праз год міністэрства адукацыі ставіць новы бар’ер — 20 балаў па ўсіх прадметах. У выніку 40% не набіраюць гэтых балаў, а чыноўнікі ў разгар уступнай кампаніі зніжаюць бал.

Ён становіцца розны для ўсіх прадметаў. Па матэматыцы трэба было наставіць крыжыкаў на 8 балаў, па рускай мове — на 13 балаў.

У 2009 парогавы бал адмяняюць. Набірай хоць 1 са 100 і паступай на матфак, калі конкурсу не будзе. У 2010 і 2011 гадах парогавыя балы не вяртаюць. Але якасць адукацыі не павысілася. Напрыклад, у 2010-ым 20 балаў з сотні не змаглі набраць 37 тысяч абітурыентаў, якія здавалі рускую мову і 72 тысячы з тых, хто пісаў матэматыку.

Парогавы бал вяртаюць праз 3 гады, у 2012-м. Каб паступіць, трэба набраць на тэставанні хаця б 7 балаў са 100.

“Гэта дасць магчымасць ВНУ набраць падрыхтаваных для навучання, мэтанакіраваных абітурыентаў і пры гэтым дасць магчымасць больш слабым атрымаць прафесію або спецыяльнасць у вучэльнях”, — так тлумачыць вяртання парогавага бала міністр адукацыі Маскевіч.

Але нават такі нізкі бал па фізіцы не змаглі набраць 9% абітурыентаў, па матэматыцы — 11%, па рускай і беларускай мовах — 3%.

З 2013 года новыя змены: па рускай і беларускай мове, каб паступіць, трэба набраць 10 балаў, па іншых гуманітарных прадметах да 20, па тэхнічных — да 15.

Геаграфію тады не здалі 14%, хімію — 8%, Гісторыю Беларусі — 13%.

У 2014 годзе з-за рэзкага недабору парогавыя балы зноў паніжаюць, нават абвяшчаюць дадатковы набор на некаторыя спецыяльнасці. Каб паступіць ужо хапае 5 балаў па мовах, 10 — па матэматыцы і фізіцы, 15 — па гісторыі Беларусі.

Цяпер чыноўнікі зноў прапануюць вярнуцца да 20 балаў са 100 па профільных прадметах. А гэта значыць, назад у 2008 год, з тым адрозненнем, што цяпер трэба набраць 20 балаў па галоўным прадмеце на спецыяльнасці, куды паступаеш. Фактычна, 20 балаў і так трэба было набіраць па гісторыі, грамадазнаўстве, геаграфіі і замежным мовам.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі