Мінчукі не вераць у 100-працэнтную аплату “камуналкі” праз тры гады

Сёння, паводле афіцыйных дадзеных, насельніцтва ўпарта пакрывае каля чвэрці рэальных выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі. А праз тры гады беларусам давядзецца плаціць за тэхабслугоўванне ды ацяпленне ўсе 100%. Гэта прадугледжана Планам мер па збалансаваным развіцці эканомікі на 2014—2015 гады.

Падлічваю, колькі б заплаціла б сям’я з трох чалавек за двухпакаёўку за кастрычнік, пры ўмове, што яны ўкладаюцца ва ўсе нормы па вадзе ды святле. Атрымліваецца сума ў 1,4 мільёна разам з ацяпленнем, якое ў кастрычніку яшчэ амаль не ўключаюць!

І гэта я не лічыла карыстанне радыё, тв-праграмы і тэлефон, якія згодна з Жыллёвым кодэксам не з’яўляюцца камунальнымі паслугамі.

Навіну пра 100-працэнтную аплату “камуналкі” мінчукі ўспрымаюць без энтузіязму, бо… не вераць. Маўляў, ну проста не можа быць, маці-ўлада не дапусціць!

“Абурацца будзем трохі, але гэта і справядліва, вахцёрка Тамара курыць цыгарэты. Бачна, што яна не асабліва разумее, пра якія 100% я тлумачу. Паказваю на паперцы свае разлікі — сума будзе ў чатыры разы большая. У жанчыны ўключаецца жыццёвы калькулятар, і яна нават перастае курыць. — Я, пенсіянерка, атрымліваю 2,5 мільёна пенсіі! Палова будзе ісці на камунальныя плацяжы? А лекі? А жыць на што?! Гэта вельмі цяжка, вельмі. Асабліва для пенсіянераў”.

Сяброўкі Аксана і Людміла ідуць з працы, я міжволі мяняю іх бадзёры настрой пытаннем, ці ўдарыць па іх бюджэце камуналка, у чатыры разы большая, за тое, што ёсць цяпер.

“У мяне заробак 4 мільёны, я плачу 10% ад яго за камунальныя плацяжы, — кажа мне Аксана. Сяброўка настроеная больш флегматычна: маўляў будзем плаціць. —  Атрымліваецца, тыя, хто цяпер атрымлівае сярэдні заробак, стануць жабракамі!”.

 Думаю, што па дарозе да метро дзяўчаты будуць абмяркоўваць толькі гэта.

Але болей за ўсё праз новыя тарыфы ЖКГ расстроілася супрацоўнік гэтай структуры, дворнік Святлана. Яна працуе дворнікам 11 гадоў, столькі ж стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў і жыве ў інтэрнаце з мужам і двума дзецьмі. Два пакоі па 18 метраў, агульная кухня і душ. У 2017 годзе палова заробку дворніка (гэта каля 4 мільёнаў) будзе сыходзіць на аплату камунальных плацяжоў.

“Я жыву ў інтэрнаце і цяпер плачу 300 тысяч. Зімой было 600 тысяч. Адна электраэнергія — 180 тысяч, бо ў кожнага ж камп’ютары цяпер у дзяцей, мікрахвалёўка. Я нават і не ведаю, што будзе”, — Святлана Мікалаеўна такім становішчам засмучаная.

“Дык па некаторых пазіцыях мы ўжо плацім 100%,бухгалтарку ЖРЭА Заводскага раёна Святлану навіна пра 100-працэнтную аплату камунальных паслуг у 2017 годзе не шакуе і не здзіўляе. — Да, прыкладу, вываз адыходаў ужо 100%”.

Бухгалтарка Святлана асабліва такім навінам не давярае. 

“Тэндэнцыя ідзе, але невядома, што будзе ў 2017, тут штодзень нешта змяняецца. Магчыма, гэтага і не будзе. У нас тут штомесяц усё індэксуецца”, — кажа Святлана, намякаючы на тое, што мае падлікі аплаты з двухпакаёўкі — сабаку пад хвост. Бо да 2017 года яшчэ памяняюцца сабекошты і тарыфы, а таму вылічваць нейкія сумы не мае сэнсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі