Аляксандр Мілінкевіч: Я не веру ў Іллю Мурамца...

        Я не веру ў Іллю Мурамца, які 33 гады ляжаў на пячы, а потым нечакана стане лідарам

Еўрарадыё: Днямі, на сустрэчы са сваімі прыхільнікамі, вы заявілі: “Нам трэба дбаць пра ўзмацненне пазіцый усіх дэмакратычных сіл і раскруціць на лідара чалавека, якога мы не “знішчым” адразу пасля выбараў. Я выступаю за тое, каб гэта быў адносна малады чалавек”. Патлумачце больш падрабязна: які ўзрост маецца на ўвазе, каб гэты патэнцыйны лідар лічыўся маладым?

Аляксандр Мілінкевіч: Я выхоўваўся на беларускіх, а не расійскіх казках, і таму не веру ў Іллю Мурамца, які 33 гады ляжаў на пячы, а потым нечакана стане лідарам і ўсе за ім пабягуць. Я лічу, першае, што трэба зрабіць апазіцыі, — абмеркаваць і вызначыць, якія мы ставім мэты і задачы на кампанію. Па-мойму, мы гэтага не рабілі. А з гэтага ўсё пачынаецца. У залежнасці ад таго, якая можа быць кампанія. Можа быць некалькі варыянтаў і некалькі мэтаў і задачаў. Другое: калі вызначылі задачы-мэты — тады мы павінны напісаць ясную стратэгію на кожны выпадак. І толькі трэцяе — гэта асоба. Асоба — гэта той чалавек, які адпавядае, які можа рэалізаваць гэтую стратэгію і дамагчыся гэтых мэтаў. А без гэтага бессэнсоўна гуляцца: “А ну, хлопцы! Хто прыгажэйшы, хто адпавядае Захаду, а хто — Усходу, хто тут гэты, а хто — той!”

Адначасова я лічу, што малады мае больш шансаў. Найперш таму, што ў сённяшніх умовах нам патрэбны новы твар. Па-другое, мы павінны берагчы нашы працу. Калі мы адпрацавалі кампанію, калі мы ўклалі свае сілы ў кандыдата, а потым яго выкідваем на сметнік са словамі: “Ну, а цяпер давайце па новай, бо я таксама хачу паруліць у апазіцыі”, — гэта самая вялікая памылка дэмакратаў за апошнія гады і апошнія кампаніі.

Еўрарадыё: Здавалася б, на першае месца вы павінны былі паставіць аб’яднанне апазіцыі…

Аляксандр Мілінкевіч: Не. Найперш мы павінны вызначыць, чаго мы хочам дамагчыся на выбарах. Ну, хто сфармуляваў гэтую задачу?!

                 Не толькі адыход Лукашэнкі вырашае лёс Беларусі

Еўрарадыё: Што значыцца “чаго дамагчыся”?! Гэта даўно апазіцыяй сфармулявана — зваліць рэжым!

Аляксандр Мілінкевіч: Ведаеце што — не! Зваліць рэжым… У нас была і Сербія, была і Украіна, і Грузія, і не заўсёды ўсё вызначалася толькі гэтай “звалкай”. Перш за ўсё, трэба перамагчы ў розумах людзей — людзі павінны ў нас верыць, мы павінны назапасіць крэдыт даверу. Ну, звалілі рэжым і можам не выйграць наступныя выбары — і так можа здарыцца. Па сённяшніх рэйтынгах, калі не стане Лукашэнкі — мы прайграем выбары. Таму, найперш, мы павінны змагацца за людзей. Зразумела, калі рэжым ёсць, то ў нас няма перспектывы, і Лукашэнка павінен адысці. Але толькі Лукашэнка — гэта замала. Неабходна ўплываць на людзей і быць аўтарытэтнымі сярод людзей.

Еўрарадыё: Другі варыянт: апазіцыя кажа, што хоча дамагчыся лепшай долі для беларусаў, эканамічных рэформ, еўраінтэграцыі…

Аляксандр Мілінкевіч: Мы можам казаць прыгожыя словы, але людзі яшчэ павінны і верыць, што мы можам рэалізаваць тое, што прапануем. Мала казаць, што мы хочам жыць у дэмакратыі і дабрабыце, — трэба яшчэ быць такімі людзьмі, на якіх ставяць. І такімі мы павінны быць. У нас няма вялікага палітычнага досведу, нават культуры палітычнай вялікай няма, але інтуіцыя палітычная ў беларусаў ёсць. Скажаце: якая інтуіцыя, калі яны Лукашэнку абралі? — але сёння не 1994 год. Людзям зараз не падабаецца з большага, яны не хочуць жыць пры гэтым рэжыме, яны хочуць пераменаў, але яны не будуць: “Абы не было Лукашэнкі”. Людзі яшчэ павінны добра ведаць, што яны будуць будаваць. Вось, за гэта мы павінны змагацца. Бо не толькі адыход Лукашэнкі вырашае лёс Беларусі. Так, гэта неабходная ўмова, але — недастатковая.

Еўрарадыё: А што тады з прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года — прапусціць іх, калі вашы заўвагі не будуць апазіцыяй выкананыя?

Аляксандр Мілінкевіч: Трэба спрабаваць перамагаць на любых выбарах. І ў 2015 годзе таксама. Але трэба разумець, што нават калі мы не перамагаем, мы ўсё адно павінны мець пэўны досвед перамогі ў людзях. Калі мы менталітэт людзей зменім, калі мы набудзем аўтарытэт, нават калі Лукашэнка ізноў сам сябе прызначыць, гэта ўсё роўна будзе частка перамогі. А вось тое, што мы маем пасля 2010 года: апатыя і поўны разгром — гэта параза. Гэта параза горшая, чым проста выбары і падлік галасоў.

Еўрарадыё: Але мяне ўсё ж цікавяць тыя маладыя палітыкі, здатныя пераняць штандар змагання з рэжымам у ветэранаў, якіх, паводле вашых слоў, у нас дастаткова. Іх сапраўды шмат? Калі ім ужо можна будзе гэты штандар пераймаць?

Аляксандр Мілінкевіч: Калі я так кажу пра маладых, гэта не азначае, што я хачу адпачыць, а маладыя няхай папрацуюць. Я гатовы працаваць. І я думаю, што іншыя лідары старэйшага пакалення гатовыя працаваць і няхай працуюць. Не трэба нікога выганяць і вызваляць месца. Не пра гэта трэба казаць, бо лідар, пра якога мы кажам, гэта не ратавальнік, не месія. Лідар — гэта чалавек, які выконвае функцыю, якую яму даверылі. Змена пакаленняў у палітыцы беларускай мусіць быць — без сумневаў. Але гэта не панацэя. Нам сёння не хапае, каб мы зараз селі лідарамі і вызначылі: чаго мы хочам дасягнуць у гэтых выбарах. Перамагчы Лукашэнку, адхіліць рэжым, пабудаваць? І калі Лукашэнка сам сябе прызначае на псеўдавыбарах — таксама трэба паставіць мэту перамогі ў думках людзей. Вось, гэта трэба распісаць. Пакуль мы не распісалі самі для сябе і не вызначылі агульныя тэмы, як мы можам аб’яднацца? Аб’ядноўваюцца толькі тыя, хто маюць агульныя мэты. Гэта нам перашкаджае аб’яднацца. Калі ў кожнага свая мэта — якое можа быць інтэграванне?!

Еўрарадыё: Дык з-за гэтага столькі гадоў у апазіцыі не атрымліваецца аб’яднацца і абраць адзінага кандыдата ад апазіцыі? Ці чаму, нават калі вы былі адзіным на выбарах 2006 года, сапраўды “адзіным” вы не былі?

Аляксандр Мілінкевіч: Нельга зацыклівацца на персоне — калі мы аб’яднаемся вакол персоны, то гэта будзе вырашэннем усіх спраў. Абсалютна — не. Мы павінны аб’яднацца вакол ідэі, вакол мэты. А паколькі мэта не вызначаная… Калі казаць, што мэта — адхіленне Лукашэнкі, то я лічу, што гэта мізэрная мэта. Уявіце сабе: мы адхіляем Лукашэнку, ён адыходзіць — і што? Нам трэба далей думаць і ставіць капітальную мэту — незалежная Беларусь, еўрапейская Беларусь, як для мяне. А не толькі змаганне з рэжымам. Мы зацыкліліся на гэтым рэжыме! А людзі ўжо практычна пахавалі гэты рэжым, але паглядзіце: які адсотак людзей хоча жыць у іншай краіне, хоча рэформаў? Людзей сёння не трэба пераконваць, што Лукашэнка кепскі: “Мы і так ведаем, што ён кепскі — вы скажыце, чаму пры вас будзе лепш”. Во, дзе капітальнае пытанне! А апазіцыя гэтым не займаецца. Мы тусуемся паміж сабой і думаем: “Гэта групоўка выдзеліць лідара і гэта. Потым мы іх ажэнім ці яны неяк тандэмам пойдуць і мы выберам яшчэ лепшага”. Ну, ці гэта цікавіць грамадства — як мы селі і каго мы выбралі?!

               Палітычныя лідары нараджаюцца тады, калі ёсць канкурэнцыя

Еўрарадыё: Дык калі сённяшнія лідары сядуць і вызначаць гэтыя мэты, пра якія вы кажаце, каб рухацца далей?

Аляксандр Мілінкевіч: Мы такія спробы робім і будзем надалей рабіць… Але камунікацыі не хапае… А што найбольш — даверу не хапае ў апазіцыі. І гэтая крыўда за старыя памылкі, за старыя здрады і гэтак далей. І вось тут мы маем вялікую праблему…

Еўрарадыё: У такой сітуацыі недаверу, нежадання вызваляць месца маладым, адсутнасці канкурэнцыі — адкуль ўзяцца маладым лідарам?

Аляксандр Мілінкевіч: Сапраўды, палітычныя лідары нараджаюцца тады, калі ёсць канкурэнцыя, калі ёсць змаганне паміж ідэямі, лідарамі, актывістамі. Гэта — нармальнае палітычнае жыццё, якога ў нас няма. І ўлада робіць усё, каб ніякай альтэрнатывы ім не было. Але будзе ў нас “перабудова”. Памятаеце, як гэта было: з нікога, з камунізму, з абсалютнай мёртвай зоны нарадзілася велізарная колькасць людзей выдатных, якія часткова нават патрапілі ў тагачасны парламент. І ў мясцовых органах кіравання яны працавалі. Але для гэта неабходныя ўмовы. Таму няма чаго папракаць, што няма новых лідараў — няма змагання, няма спаборніцтваў, няма Алімпійскіх гульняў. Так, і спартсменаў няма! А так перспектыўныя ёсць і побач са мной, і ў іншых арганізацыях.  Проста ім для самарэалізацыі не хапае магчымасцяў. Я не лічу, што самарэалізацыя — гэта згадкі ў інтэрнэце. Гэта важны элемент, але недастатковы. Трэба рэальны вынік. А рэальны вынік — гэта прыйсці ва ўладу.

Еўрарадыё: Вы прапануеце чакаць, пакуль з прэзідэнцкай адміністрацыі прыйдзе загад пачынаць у краіне перабудову, як гэта было з перабудовай гарбачоўскай?

Аляксандр Мілінкевіч: Гэта было б памылкай — проста чакаць, што ва ўладзе пераварот адбудзецца. Чакаць не трэба. І дзякуй Богу, што ёсць у нас грамадскія арганізацыі і палітычныя структуры, якія таксама пакутуюць ад таго, што няма гэтага спаборніцтва, ёсць медыі незалежныя. Здарыцца можа па-рознаму: можа, незадавальненне выкіне людзей на Плошчу і яны змятуць рэжым. Можа, гэта зробіць эканоміка. А можа, Масква вырашыць, што Лукашэнка не выконвае свае абавязацельствы і пачне яго змену. Але мы павінны быць падрыхтаваныя максімальна. І калі змены адбываюцца і гэтая ўлада адыходзіць, а мы — слабыя, людзі на нас не звяртаюць увагі і мы не ўплываем на грамадскую свядомасць, то прыйдуць іншыя! Не дэмакраты, магчыма; магчыма, прамаскоўскія людзі будуць пастаўленыя, магчыма, ізноў папуліст прыйдзе — я пра гэта кажу. Таму мы мусім прыстойна выглядаць — і прафесійна, і маральна. Тады і лідар з’явіцца, тады мы будзем альтэрнатывай. Сёння дэмакратычная апазіцыя не зусім альтэрнатыва.

Еўрарадыё: З’яўлення новага лідара “на хвалі народнага гневу” вы, такім чынам, не выключаеце?

Аляксандр Мілінкевіч: Так. Можа выйсці ў лідары чалавек, які сёння не з’яўляецца добра знаным у супольнасці дэмакратычнай — гэта можа быць чалавек, які сёння стаіць недзе збоку. Але яго трэба будзе скарыстаць, бо ён мае перспектыву і мае талент. Але я скажу яшчэ раз: для мяне лідар — гэта тэхнічная асоба. Гэта — чалавек-функцыя. Мы, калі бачым, куды ідзём, што хочам зрабіць, якую мэту ставім – пад яе мусіць нарадзіцца лідар. На тое нам і галовы дадзеныя, каб мы такога чалавека шукалі.

              Саюз з наменклатурай для апазіцыі можа быць цалкам натуральнай рэччу

Еўрарадыё: Вулічны лідар сапраўды можа з’явіцца ў любы зручны для гэта момант. Але яго з’яўленне не адказ на ваша пытанне: што будзе пасля адыходу Лукашэнкі?. У маладых і перспектыўных актывістаў апазіцыі ніякага вопыту кіравання — ці то людзьмі, ці то вытворчасцю. Што яны змогуць зрабіць?!

Аляксандр Мілінкевіч: Нельга папракаць тых, хто змагаецца за дэмакратыю і свабоду, у тым, што яны беспрацоўныя. Бо вядома, чаму яны беспрацоўныя — улада робіць усё, каб гэтых людзей маргіналізаваць. Таму я іх папракаць не магу. Але грамадства, калі перадае ўладу, яно не толькі сімпатызуе змагарам, якія кажуць праўду і заклікаюць да свабоды, — грамадства хоча, каб на змену прыйшлі людзі, якія справяцца з сацыяльнымі праблемамі, з эканамічнымі праблемамі. І грамадства нельга папракаць за тое, што яно хоча ва ўладзе не змагароў з палымяным сэрцам і апантанымі вачыма, а хоча прафесіяналаў. У апазіцыі прафесіяналаў становіцца менш, бо мы даўно не былі ва ўладзе. І таму не трэба баяцца наменклатуры — той наменклатуры, якую мы папракаем і якую мы асуджаем за амаральнасць. І там ёсць шмат прыстойных і прафесійных людзей. Саюз з імі для апазіцыі можа быць цалкам натуральнай рэччу. І я думаю, што, калі Лукашэнка адыходзіць, з прабеларускай, праеўрапейскай часткай наменклатуры нам вельмі важна арганізаваць саюз. І гэта быў бы самы здаровы саюз. На гэта трэба працаваць ужо сёння, хоць гэта і не лёгка.

Еўрарадыё: Лідар — тэхнічная асоба, якую трэба скарыстаць… Вам не падаецца, што такі лідар будзе штучным, аднаразовым — пад канкрэтную мэту?

Аляксандр Мілінкевіч: Былі ў нас ужо выпадкі, калі прыходзілі людзі не з апазіцыі, але былі вельмі класнымі лідарамі. Я лічу, што самым моцным лідарам сярод усіх кандыдатаў, што былі ад дэмакратаў у розныя часы, гэта быў Сямён Домаш. Чалавек высокага ўзроўню — ён і прабеларускі, ён і праеўрапейскі, ён і рэфарматар-наменклатуршчык. Чалавек маральны — калі працаваў у Гародні, то чалавек-аўтарытэт быў. Ну, і знішчылі яго — проста не падтрымалі. Пасля выбараў-2001 ён мог быць абсалютным лідарам апазіцыі. А так атрымалася, што апазіцыя не ўспрыняла яго. Трэба ў свой момант зразумець — на каго варта паставіць і на каго варта працаваць. Трэба зменшыць свае амбіцыі і працаваць на таго, хто сёння сапраўды мае магчымасць у грамадстве заваяваць давер вялікі. І ў Домаша быў такі давер.


Фота: Змітра Лукашука
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі