Мікола Дзядок: Ёсць тры прычыны, па якіх улада так моцна баіцца анархістаў

Мікола Дзядок: Ёсць тры прычыны, па якіх улада так моцна баіцца анархістаў

Анархіст Мікола Дзядок цяпер жыве за мяжой, а зусім нядаўна адбываў тэрмін па абвінавачанні ў акцыях супраць дзяржаўных устаноў. Ён пагадзіўся распавесці Еўрарадыё, хто ж такія беларускія анархісты, наколькі яны звязаны з футбольнымі фанатамі, чаму ў іх шэрагах дакладна няма агентаў КДБ ды чаго яны дамагаюцца, выходзячы на акцыі пратэсту.

Ці ёсць ў беларускіх анархістаў лідары?

Лідара і вышэйшай арганізацыі ў анархістаў няма дакладна, гэта папросту супярэчыць анархіцскім прынцыпам. У нас дзейнічае шэраг анахістскіх ініцыятыў, якія паміж сабой адрозніваюцца. Пачынаючы ад дабрачынных ініцыятыў, завяршаючы пэўнымі медыя-ініцыятывамі. Напрыклад, ёсць “Анархісцкі чорны крыж”, які дапамагае палітычным зняволеным анархістам і антыфашыстам, ёсць група “Прамень”, якая займаецца медыйнай працай і прадастаўляе навіны анархісцкага кшталту, ёсць анархістская ініцыятыва “Ежа замест бомбаў”, якая корміць бяздомных, ёсць бібліятэка “Вольная думка”, якая адкрыта працуе ў Мінску, і гэтак далей. Але мноства анархістаў не састаяць ні ў якіх ініцыятывах ці арганізацыях.

Хто такія анарха-камуністы?

(адзін з удзельнікаў “Марша недармаедаў”у Мінску назваў сябе прадстаўніком менавіта гэтага руху)

Тут не трэба ўскладняць. Гэта азначае тое, што яны прыхільнікі, па-першае, сацыяльнай рэвалюцыі, а па-другое, масавай барацьбы працоўных за свае правы і прыхільнікі прамога дзеяння. То бок, калі ў Беларусі чалавек кажа, што ён анархіст, то, як правіла, гэта значыць, што ён анарха-камуніст. Гэта адно з другога вынікае. Проста гэтую прыстаўку “камуніст” выкарыстоўваюць тыя, хто глыбока паглыбіўся ў гэтую ідэалогію і добра ў ёй разбіраецца і жадае падкрэсліць сацыяльны складнік сваей ідэялогіі.

Ці ёсць сувязь паміж анархістамі і футбольнымі фанатамі?

Не выключаю, што сярод анархістаў ёсць футбольныя фанаты. Але ніякага зліцця ці шчыльнага супрацоўніцтва дакладна цяпер няма. Калі казаць пра тых футбольных фанатаў, якім днямі далі вялікія тэрміны за бойку з заўзятарамі іншага клуба, пазіцыянавалі сябе, як антыфашысты. Яны не маюць да анархістаў ніякага дачынення, гэта зусім розныя рэчы. То бок кожны анархіст па змоўчанні з’яўляецца антыфашыстам, але не кожны антыфашыст — анархіст, разумееце!?

Ці аднавіў сваю моц анархісцкі рух пасля падзеяў у 2010 годзе?

(У 2010 годзе ў Беларусі прайшла хваля затрыманняў найбольш актыўных анархістаў. Арыштаваным, у тым ліку і нашаму суразмоўцу, далі вялікія тэрміны, пасля чаго анархісцкі рух у краіне стаў менш актыўным і сыйшоў у цень).

Можна сказаць, што пасля гэтага анархіцкі рух сыйшоў у падполле прыкладна на тры гады. Бо такая масавая зачыстка была для нас новая і нечаканая. Таму многія не ведалі, як сябе паводзіць… Але цяпер рух ачуняў. Па некаторых пазіцыях ранейшай сілы яшчэ не дасягнуў, а па некаторых наадварот стаў мацнейшым. Вельмі змяніўся тып людзей, якія прыходзяць у анархісты, калі параўноўваць з 2008-2010 гадамі. Цяпер гэта людзі, якія гатовыя да рэпрэсій і падрыхтаваная да іх.

Колькі чалавек, хаця б прыкладна, уваходзіць у анархісцкі рух?

Не скажу. Сакрэт. Навошта я вам буду агучваць аператыўную інфармацыю для міліцыянтаў?

Чаго дамагаюцца беларускія анархісты?

Калі браць доўгатэрміновыя мэты, то гэта ажыццяўленне нашага бездзяржаўнага ідэала. Гэта пабудова грамадства на прынцыпах прамой дэмакратыі і самакіравання працоўных. То бок нам не патрэбная дзяржава. Мы хочам, каб усе праблемы, усе пытанні паміж людзьмі вырашаліся на агульных сходах, асамблеях, саветамі працоўных. І ў той жа час мы хочам, каб уся ўласнасць, усе рэсурсы грамадства таксама належалі працоўным. Гэта азначае калектывізацыю, сацыялізацыю прыватнай уласнасці. Не ў сэнсе, камп’ютар ці шкарпэткі прыйдуць заўтра і калектывізуюць, на ўвазе маюцца вытворчыя магутнасці. Натуральна, да гэтага дадаецца наша патрабаванне, наша барацьба з ліквідацыяй усіх форм няроўнасці сярод людзей, расавыя забабоны, сексісцкія і ўсе астатнія. То бок яшчэ і роўнасць, знішчэнне ўсіх гэтых штучных перашкод паміж людзьмі.

У кароткатэрміновай перспектыве наша мэта ― радыкалізаваць пратэсты, якія ідуць. Каб яны сталі больш рашучымі. Каб не было ніякіх так званых дыялогаў паміж уладамі і пратэстоўцамі. Каб людзі ставілі свае мэты цвёрда, радыкальна і патрабавалі іх выканання ўладай. Думаю, не памылюся, калі скажу, што адстаўка Лукашэнкі — таксама адно з нашых кароткатэрміновых патрабаванняў, але толькі гэтым мы не абмяжоўваемся.

Чаму улада настолькі баіцца анархістаў?

Я выдзяляю тры прычыны. Першая — здольнасць анархістаў да радыкальных дзеянняў. У 2008-2011 гадах былі радыкальныя дзеянні, усялякія падпалы, акцыі сабатажу… І міліцыя разумее, што патэнцыйна анархісты гэта могуць зрабіць. Ім трэба папоўніць базу людзей, якія патэнцыйна могуць гэта зрабіць, і паралельна спрабаваць запужаць іх. Таму анархістаў арыштоўваюць, каб перш за ўсё ідэнтыфікаваць. Але тут міліцыя трапляе ў горшае становішча. Большасць сённяшніх анархістаў, якія ходзяць на акцыі, не жадаюць ладзіць ніякіх падпалаў, у іх няма такой мэты, яны гэтым не займаюцца.

Другая прычына, анархісты ― група абсалютна непадкантрольная. Няхай мяне прабачаць апазіцыйныя актывісты, але я лічу, што сярод нашай традыцыйнай апазіцыі вельмі шмат КДБшных агентаў уплыву. Менавіта таму апазіцыя вельмі часта злівае масавыя пратэсты. Дастаткова ўзгадаць 2006 год. Чаму апазіцыя ў сённяшнім выглядзе ніколі не будзе здольная прыйсці да ўлады? Таму што яна кіруецца агентамі ўплыву КДБ… Я не кажу, што кіруецца наўпрост, але ўскосна. Анархісты ў гэтым плане некантраляваныя, бо няма агентаў уплыву. У анархістаў іх проста не можа з’явіцца, бо структура дэцэнтралізаваная. Адпаведна, няма ніякага кантролю і адзіны кантроль які застаецца, — пабіць, схапіць, пасадзіць на суткі, хадзіць па дамах прэвентыўна перад акцыямі, то бок такія грубыя метады.

І трэцяя прычына затрымання анархістаў менавіта ўжо на гэтых пратэстах — народ стаў актыўна выказваць падтрымку анархістам. Мы бачым, што і 17-га лютага людзі не давалі затрымліваць анархістаў, калі іх хапалі на прыпынку, і апладзіравалі анархісцкім лозунгам, разбіралі ўлёткі… І 15 сакавіка таксама мне распавядалі, што звычайныя людзі ішлі побач з анархістамі і выкрыквалі іх лозунгі, прычым, даволі радыкальныя, кшталту “Дзяржава — галоўны вораг”, і гэтак далей. КДБ-шнікі гэта бачаць, аналізуюць і разумеюць, што гэтых радыкалаў трэба адсекчы ад натоўпу, ад народа, каб народ не пачынаў радыкалізавацца.

Ці сапраўды анархісты радыкалізавалі Майдан у Кіеве?

(На БТ рэгулярна кажуць пра трэніровачныя лагеры анархістаў, менавіта анархістаў вінавацяць у пачатку прамых сутыкненняў з праваахоўнікамі на украінскім Майдане).

Вельмі хацелася б, каб украінскі Майдан зрабілі анархісты. Але зрабілі яго звычайныя грамадзяне, самымі актыўнымі сярод якіх былі менавіта нацыяналісты. Анархісты адыгралі на Майдане вельмі слабую ролю хоць бы таму, што яны там увогуле не выступілі, як арганізаваная сіла. Яны ўдзельнічалі асобна. Так, там была пара анархісцскіх намётаў.

Наконт баевікоў, пераважная большасць, адсоткаў 80-90 анархісцкай актыўнасці — актыўнасць мірная. Па распаўсюджванні сваіх поглядаў, па стварэнні сацыяльных праектаў, адукацыйныя ініцыятывы, дабрачынныя і гэтак далей. То бок мірнае распаўсюджванне сваіх поглядаў, але на гэта тое ж БТ адмыслова не звяртае ўвагі. Яны ж не скажуць, што анархісты ўжо восем гадоў штотыдзень у некалькіх кропках Мінска кормяць бяздомных, яны ж не скажуць, што анархісты арганізуюць бясплатныя курсы па навучанні ў розных сферах і гэтак далей. Яны вычэпліваюць адзін падпал, які здараецца раз на тры гады, і выносяць яго, як сталую анархісцкую актыўнасць. Гэта маніпуляцыя.

Беларускія анархісты жывуць на грошы з Расіі і шчыльна супрацоўнічаюць з расіянамі?

Я ўжо казаў і паўтараю: анархісцкі рух не прызнае нацыянальных межаў. Для мяне, што беларускі анархіст, што расійскі, што яшчэ нейкі — гэта ўсё мае паплечнікі. Гэта ні для каго не сакрэт, што мы актыўна кааперуемся з анархістамі ўсяго свету, але найперш, натуральна, з тымі, хто побач з намі. Гэта проста больш зручна. Ну, а спецслужбы і аналітыкі, якія ім патакаюць, у сваёй манеры будуюць з гэтую трансгранічную змову, дзе нас фінансуюць, рыхтуюць з нас баевікоў і гэтак далей. Але гэта ўсё трызненні. Анархісцкі рух інтэрнацыянальны, мы лічым сябе часткай сусветнага анархісцкага руху.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі