Мэр Львова: Я згодны, што новаабраная Рада не пражыве больш за два гады

Размову з мэрам Львова Андрэем Садовым можна паслухаць:

Еўрарадыё: Створаная вамі партыя — маладая. Ці думалі вы ў пачатку выбарчай кампаніі, што будзеце трэцімі па выніках галасавання?

Андрэй Садовы: Па шчырасці, мы планавалі атрымаць 12% галасоў, плюс-мінус 3%, а атрымалі 11%. У прынцыпе, вынік прагназаваны, а задача, якую мы перад сабой ставілі, выкананая — у палітыку прыйшлі 34 дэпутаты, якія раней не былі ні міністрамі, ні дэпутатамі. Але гэта самадастатковыя людзі, якія самі сябе зрабілі. Так што ўсё “акей”.

Еўрарадыё: Яшчэ ў мінулым інтэрв’ю Еўрарадыё вы казалі, што самі рабіцца дэпутатам парламента не збіраецеся. Так у выніку і сталася, бо сябе ў партыйны спіс вы паставілі пад “непрахадным” 50-м нумарам. Але лідарам партыі вы застаяцеся: як вы будзеце кіраваць фракцыяй, застаючыся мэрам Львова?

Андрэй Садовы: Для нас вельмі важная ідэалогія і вельмі прыемна, калі людзі аб’яднаныя адзінай мэтай. Гэта тое, што сёння вельмі патрэбнае ўкраінскай палітыцы. Я не мог ісці ў парламент, бо я мэр горада, і мая кадэнцыя заканчваецца ў наступным годзе. Было б некарэктна кінуць горад — трэба дапрацаваць да канца кадэнцыі, а там будзем глядзець. Давер гараджан для мяне вельмі і вельмі важны. А фракцыя ў нас самадастатковая, і гэта ж партыйная фракцыя, правільна? Так што будзе лідар фракцыі, будуць дэпутаты, якія ўзначаляць камітэты, і я думаю, што будзе вельмі канструктыўная праца.

Еўрарадыё: Цяпер фармуецца кааліцыя, і менавіта вы як лідар партыі ўдзельнічаеце ва ўсіх перамовах, сустракаецеся з прэзідэнтам і гэтак далей. А як жа горад, праца мэра?

Андрэй Садовы: Ведаеце, за 8,5 гадоў, што я працую мэрам, паўнамоцтвы мясцовага самакіравання скараціліся на 60%. Гэта вялікая трагедыя, бо зрабілі слабымі вёскі і гарады і зрабілі слабай краіну. І гэтым скарыстаўся вораг, які акупаваў частку нашай тэрыторыі. Таму для мяне сёння вельмі важна, каб парламент канструктыўна запрацаваў, каб былі прынятыя законы, якія б далі мясцоваму самакіраванню зажыць паўнавартасным жыццём. Каб былі прынятыя законы, якія б мінімізавалі карупцыю ў нашай краіне, каб было эфектыўнае кіраўніцтва. Для гэтага часу не шкада. Магчыма, у гэтым месяцы я больш часу буду траціць на пытанні агульнадзяржаўныя, але думаю, што потым будзе нашмат прасцей працаваць усім мэрам украінскіх гарадоў і ўсім, хто працуе ў мясцовым самакіраванні. Гэта вялікая колькасць людзей, але самае галоўнае — гэта грамадзяне нашай краіны, і яны, як і большасць людзей, жывуць у гарадах. І для ўсіх іх ёсць шанс, каб жыццё змянілася да лепшага.

Еўрарадыё: І вы верыце, што дзякуючы тым 34 дэпутатам, якіх вы правялі ў Раду, вам удасца дамагчыся дэцэнтралізацыі ўлады?

Андрэй Садовы: Для мяне вельмі важна, каб усе былі ў роўных умовах і каб дзяржава вярнула тое, што яна скрала ў мясцовага самакіравання. Бо кожны год нейкая функцыя забіралася і, на вялікі жаль, выбудоўваліся карупцыйныя ліфты, якія стваралі вельмі вялікія праблемы для гарадоў. Цяпер ёсць шанс усё аднавіць, і для гэтага я вельмі шмат буду працаваць.

Еўрарадыё: Проста цікава: ужо ў пачатку верасня, калі мы з вамі сустракаліся ў Львове і гаварылі ў тым ліку пра будучыню парламенцкіх выбараў, вы ведалі, што ў спісе партыі"Самопомич" будзе камандзір батальёна добраахвотнікаў “Данбас” Сямён Сяменчанка?

Андрэй Садовы: Я не памятаю, калі ён мне першы раз патэлефанаваў. Дзесьці за месяц да выбарчай кампаніі, нават бліжэй, мы з ім некалькі разоў сустракаліся, і гэта была наша двухбаковая згода — ісці разам. Бо яму прапаноўвалі ўсе палітычныя партыі ісці разам, але ён адмовіўся і звярнуўся да нас па супрацоўніцтва. І мы ў прынцыпе не былі супраць: ён дастаткова адказны чалавек, у яго абвостранае пачуццё справядлівасці. Я лічу, што ён вельмі гераічна сябе паводзіў у вельмі цяжкі для краіны час, стварыў батальён добраахвотнікаў. І дзякуючы яму і такім, як ён, наша тэрыторыя знаходзіцца ў тым стане, у якім знаходзіцца, а не так, як нехта планаваў.

Еўрарадыё: Відаць, вы адзіная партыя, якая не шукала сярод знакавых камбатаў таго, хто пагодзіцца ўзмацніць сабой ваш партыйны спіс?

Андрэй Садовы: Так, мы не шукалі, у нас унікальны прыклад для ўкраінскай палітыкі. Магчыма, ён тыповы для еўрапейскай палітыкі, сусветнай, а вось для ўкраінскай — не вельмі. Бо тое, што мы робім, правільна з пункту гледжання перспектывы заўтрашняга дня і нармальнага развіцця нашай краіны. Мы разам з вольнымі людзьмі, якія хочуць жыць і ганарыцца сваёй краінай.

Еўрарадыё: Камбат батальёна “Міратворац” Андрэй Цецярук, які прайшоў у Раду па спісах “Народнага фронту”, сказаў, што іх фракцыя хацела б узяць на сябе “сілавы блок”. Дэпутатам ад “Блока Пятра Парашэнкі” раяць узяць на сябе замежнапалітычныя пытанні. А дэпутатам ад вашай партыі што застанецца?

Андрэй Садовы: Па-першае, нашы дэпутаты хацелі б у Радзе займацца парламенцкай працай — гэта іх праца і для гэтага яны былі абраныя. Але вы маеце рацыю: неабходна вельмі дакладна падзяліць паўнамоцтвы паміж прэм’ерам і прэзідэнтам (Арсеній Яцанюк — не толькі лідар партыі “Народны фронт” і дзейны прэм’ер-міністр Украіны — Пётр Парашэнка ўжо заявіў, што будзе прапаноўваць яго кандыдатуру на гэтую ж пасаду ўжо на першым пасяджэнні Рады — Еўрарадыё). У маім разуменні (і так ёсць ва ўсіх нармальных краінах свету) прэм’ер займаецца пытаннямі эканомікі, напаўненнем бюджэту, а прэзідэнт павінен займацца пытаннямі “траты грошай” — пытаннямі абароны, бяспекі, замежнай палітыкі. І я б яшчэ, па шчырасці, прэзідэнту аддаў гуманітарны блок. Бо прэзідэнт абіраецца ўсімі грамадзянамі Украіны. Адпаведна, тады б было больш адказнасці і можна было б зрабіць больш карысных спраў.

Еўрарадыё: Вы не раз казалі пра праблему карупцыі, і нарэшце быў прыняты закон аб люстрацыі. Як ён выконваецца на ваш погляд? І адразу: як вы ставіцеся да пытання павышэння дэпутацкага заробку і дэпутацкай недатыкальнасці?

Андрэй Садовы: Калі казаць пра закон аб люстрацыі, то тут іншая праблема. У нас пасля выбараў Юшчанкі, калі ён прыйшоў, аслаблены хваробай, яго атачэнне стварыла шмат праблем краіне. Бо шмат людзей было звольнена, а на іх месца прыйшлі людзі, якія не зусім адпавядалі тагачасным выклікам. Тое самае зрабіў Януковіч: вельмі шмат людзей было звольнена праз партыйную прыналежнасць — прыходзілі яго стаўленікі ад “Партыі рэгіёнаў”. І цяпер трэба шукаць людзей, прасіць іх, каб яны прыходзілі ва ўладу і якасна працавалі. Гэта вельмі важна. Што да недатыкальнасці, то мне падаецца, што гэтае пытанне ўвогуле не павінна абмяркоўвацца: трэба проста ціха прагаласаваць і ўсё. Бо дэпутат ні чым не павінен адрознівацца ад простага грамадзяніна — ён павінен за ўсё адказваць перад законам. Калі ж казаць пра заробак, то, безумоўна, дэпутат павінен мець нармальны заробак, каб адчуваць сябе свабодным. Ён жа павінен працаваць на краіну і не павінен думаць, як яму зарабіць на сваю сям’ю грошай. Бо калі ў дэпутата будзе маленькі заробак, гэта можа стаць праблемай — папулізм шкодны для краіны.

Еўрарадыё: Сямён Сяменчанка добра разбіраецца ў тым, што на самай справе адбываецца на фронце, у арміі і ў Мінабароны. Дазволіце яму займацца гэтымі пытаннямі ці ўсё ж паставіце перад ім якую іншую дэпутацкую задачу?

Андрэй Садовы: Пытанне бяспекі — гэта пытанне №1 сёння ў краіне. Таму, зразумела, трэба будзе падтрымаць усе яго прапановы ў гэтым кірунку: каб яны правільна юрыдычна былі аформленыя. Каб мы ў выніку мелі нармальны кадравы склад Міністэрства абароны і каб яно стала тым міністэрствам, якім мы будзем ганарыцца.

Еўрарадыё: Эксперты прагназуюць, што гэтая Рада не пражыве больш за два гады, а вы як мяркуеце?

Андрэй Садовы: Я цалкам згодны з такім меркаваннем.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі