Men's Fest адзначае пяты Дзень нараджэння (фотарэпартаж)

Самаму знакамітаму брэсцкаму фестывалю — Men's Fest — 5 гадоў. Свой першы юбілей імпрэза святкуе разам з фестывалем Еўрарадыё "Даём рады" і спалучае два фэсты ў адным. У гэтым годзе на сцэне лаўрэаты музычнай прэміі Еўрарадыё — Re1ikt і Nizkiz, загадкавы "Нагуаль", гарадзенцы з гурта Jungle X-Mas, мінскі дуэт Navi і ўпершыню пасля паўзы ў некалькі гадоў у Беларусі грае "Крамбамбуля". Праходзіць Men's Fest ў брэсцкім клубе "Сфера" ужо другі год запар.


Музычны марафон распачынае дуэт Navi. Менавіта дуэт, бо гурт прыязджае ў Брэст мінімальным складам, з якога музыкі і пачыналі свой творчы шлях.


"Мы намагаемся, каб фестываль быў для моладзі, якая цікавіцца больш інтэлектуальнай музыкай. У нас шырокія стылістычныя межы, таму і такі склад: усе гурты адрозніваюцца адзін ад аднаго", — тлумачыць сёлетні стракаты лайн-ап галоўны арганізатар і ідэолаг Men's Fest'у Зміцер Назараў.


На змену маладым Navi на сцэну выходзіць сур'ёзныя дарослыя мужчыны з гарадзенскага гурта Jungle X-Mas. Без адзінага слова, бо папросту не маюць мікрафонаў — яны граюць свой інструментальны сэт. Прагрэсіўны псіхадэлічны рок гарадзенцаў уводзіць прысутных у сапраўдны транс. Збоку здаецца, што некаторыя нават пазасыналі стоячы.


Выводзіць слухачоў з трансу, хаця і павольна, наступны ўдзельнік фэсту — гурт Re1ikt. Павольна, бо пачынаюць яны са сваёй версіі песняроўскай "Жураўлі на Палессе ляцяць". З кожнай песняй гітарныя рыфы становяцца ўсё цяжэйшымі — лагічны ланцужок да пераходу ў класічную стылістыку Men's Fest'а — альтэрнатыўны рок.


Падагрэтую Re1ikt'ам публіку падхопліваюць магілёўцы Nizkiz. З іх выхадам фэст канчаткова ператвараецца ў рок-імпрэзу: узнятыя ўверх "козы", скокі і спевы. Брастаўчане бачаць гурт не ўпершыню, таму прыймаюць вельмі добра, тлумачыць Еўрарадыё формулу мясцовага поспеху вакаліст Nizkiz Аляксандр Ільін. Ён таксама прызнаецца, што разнастайнасць выспупоўцаў — добрая магчымасць і для музыкаў пачуць выканаўцаў, з якімі не часта даводзіцца дзяліць сцэну.


Аляксандр Ільін: "Ну, я так зразумеў, што гэты фестываль арганізатары збіраліся зрабіць максімальна разнастайным, таму запрасілі сапраўды цікавыя разнапланавыя гурты. Мы тут прадстаўлялі стылістыку рок, альтэрнатыву. Вельмі прыемна паслухаць іншыя гурты, якія рэдка сустракаеш асабіста".


Знайсці сярод гледачоў ветэрана Men's Fest, які пабываў на ўсіх пяці мерапрыемствах, у нас, на жаль, не атрымліваецца. Дэбютны фэст 2010-га года ўвогуле адбыўся ў Мінску. Пасля гэтага арганізатары пачалі стала праводзіць яго ў Брэсце. Перад тым, як у мінулым годзе мерапрыемства "прапісалася" ў клубе "Сфера", канцэрты праходзілі ў не зусім прыдатных для гэтага пляцоўках. Напрыклад, два гады таму двухдзённы фэст з замежнымі гасцямі праходзіў у клубе... Брэсцкага электрамеханічнага завода. Пра гэта ўзгадвае брастаўчанін Дзмітрый, якога сёння задавальняе і гук, і склад удзельнікаў. На думку маладога чалавека, Men's Fest — унікальная музычная з'ява, якіх вельмі бракуе ў Брэсце.


"На апошнія некалькі канцэртаў, на якіх я бываў, мне даводзілася ездзіць у Мінск, там канцэрты адбываюцца пастаянна. Прычым, разнастайныя канцэрты. Так, я аматар рока, але збольшага — прагрэсіў накірунку, а ў Брэсце з гэтым зусім складана — мала гуртоў. Неяк у нас акцэнт на метал-кор робіцца.. У Мінску, вядома, з гэтым лепей — сталіца ўсё ж такі. Хацелася б, каб канцэртаў было паболей і розных".


Адвечныя фолк-эксперыментатары "Нагуаль" прымушаюць часова забыць, хто сёння хэдлайнер. Пад спевы на "мове птушак" усе танчаць так, нібы фэст ужо заканчваецца.


Перад доўгачаканым выступам "Крамбамбулі" "бацька" фэсту Зміцер Назараў атрымлівае святочны торт.  


Хуткая наладка інструментаў, і на сцэне Лявон Вольскі з кампаніяй. Часу застаецца няшмат, таму сціплае вітанне і мінімум жарцікаў паміж песнямі: усё па справе, па-мужчынску, адпаведна назве мерапрыемства. Рэпертуар складаецца з хуткіх і гучных песень "Крамбамбулі", таму хоць крыху перадыхнуць на танцпляцы ў людзей не атрымліваецца.

Заканчваецца пяты Men's Fest агульным выкананнем N.R.M.-аўскіх "Трох чарапах" і "Паветранага шара".


"Жадаю больш працы, болей народу, — кажа са сцэны Лявон. — Таксама жадаю пераадолець 20-гадовую мяжу, бо 5 гадоў — гэта нішто для фестывалю"...

Галоўнае фота: Інга Воран

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі