Махляроў, якія блакавалі кампутары ад імя міліцыі, будуць судзіць

Махляроў, якія блакавалі кампутары ад імя міліцыі, будуць судзіць

Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці завершыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да пяці грамадзян, якія блакавалі ад імя міліцыі кампутары грамадзян і вымагалі грошы.

Паводле інфармацыі следства, трое жыхароў Оршы і 21-гадовы мінчанін, па папярэдняй змове з 40-гадовым жыхаром Валгаграда, выкарыстоўвалі раней распрацаваныя камп'ютэрныя праграмы, якія дазваляюць блакаваць аперацыйныя сістэмы і інтэрнэт-браўзэры карыстальнікаў у беларускім сегменце сеткі.

Пры наведванні розных сайтаў, у тым ліку парнаграфічных, карыстальнікі інтэрнэту перанакіроўваліся на шкоднасны сайт, які блакаваў іх браўзэры. Пры гэтым на працоўным стале манітора з'яўлялася дыялогавае акно з патрабаваннем ад імя беларускіх праваахоўных органаў выплаціць штраф за нібыта незаконнае наведванне забароненых сайтаў.

Даверлівыя грамадзяне, атрымаўшы такое ілжывае папярэджанне, пералічвалі грошы на названыя ў паведамленнях нумары мабільных тэлефонаў. Пасля паступлення грашовых сродкаў на баланс мабільнага тэлефона, абвінавачаныя перакладалі іх на банкаўскія карты і пераводзілі ў наяўныя.

З чэрвеня па снежань 2015 года абвінавачваныя выкралі ў 117 пацярпелых больш 66.000 рублёў і спрабавалі выкрасці грашовыя сродкі грамадзян на суму болей за 74.000 рублёў.

Фігурантам выстаўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 354, ч. 1 арт. 351, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 212 КК (распрацоўка, выкарыстанне шкодных праграм; кампутарны сабатаж; замах на крадзеж маёмасці шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі, здзейснены групай асобаў па папярэдняй змове, у адмыслова буйным памеры).

Акрамя таго, двое з абвінавачаных вырабілі парнаграфічныя матэрыялы, файлы з выявай якіх перасылалі ў адной з сацыяльных сетак. Іх дзеянні дадаткова кваліфікаваныя следчымі па ч. 2 арт. 343 КК (выраб і захоўванне з мэтай распаўсюджвання, распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў, учыненыя з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).

З траіх да суда ўзялі падпіску аб нявыездзе, аднаго ўтрымліваюць пад вартай. Што да расіяніна, то яго крымінальная справа выдзеленая ў асобную вытворчасць.

Справа кампутарных махляроў перададзеная ў суд.

Махляроў, якія блакавалі кампутары ад імя міліцыі, будуць судзіць

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі