Магілёўскі універсітэт акупляецца напалову, у БДУ — не стае рэнтабельнасці

“Мы плануем, ва ўсялякім разе з новага навучальнага года, адмовіцца ад рэгулявання коштаў навучання. Вырашайце самі: усё мусіць каштаваць столькі, колькі каштуе”, — цытуе БелТа выказванні намесніка прэм’ера з калегіі ў Мінадукацыі.

У БДУ не супраць “адпускаць кошты”, але пакуль не могуць.

“Міністр таксама даўно гаварыў, што трэба адпусціць кошты на вучобу. Але пакуль мы узгадняем кошты ў Мінадукацыі. Кошты не зменшацца, бо ўсё ж даражэе, нам жа і заробкі трэба плаціць выкладчыкам. У нас на некаторых спецыяльнасцях мінусавая рэнтабельнасць”, — заўважаюць у галоўнай ВНУ краіны.

Адвучыцца на першым курсе на “міжнароднае права” цяпер каштуе 18 мільёнаў!

Адзін з самых танных універсітэтаў — альма-матар кіраўніка краіны — Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова. Навучанне акупляецца толькі на палову.

“Сёння ўніверсітэт самы танны! Калі на бюджэтніка траціцца сума парадку 100 мільёнаў. А мы з нашых платнікаў збіраем палову гэтай сумы. Таму, мы б паднялі кошт, у разумных межах”, — разважаюць у адміністрацыі гэтай ВНУ.

Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт пра кошты пакуль не гаворыць. Перастрахоўваюцца і каротка адзначаюць: “Да нас з Мінадукацыі пакуль ніякіх распараджэнняў не паступала”. Не бяруцца пакуль называць новыя кошты і ў Эканамічным універсітэце.

Права навучальных установаў самім называць кошты на веды — гэта крок да развіцця, мяркуе ўдзельнік Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў.

“Гэта пашырэнне аўтаноміі для універсітэтаў. Але калі гавораць аб пашырэнні фінаснавай ці кадравай аўтаноміі, гэта невялікія крокі без рэальнага пашырэння аўтаноміі: пакуль рэктары не прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці”, — даводзіць Уладзімір Дунаеў.

І не хвалюецца, што кошты моцна задзяруць: перашкодзяць канкурэнты з Расіі ды Чэхіі.

“Толькі адчайныя рэктары на гэта пойдуць. Сёння ўжо не ўсе гатовыя плаціць такія кошты. Ёсць Расія, куды едзе шмат абітурыентаў, ёсць і польскія, і чэшскія ВНУ. Бо ёсць дэфіцыт студэнтаў”, — выказваецца Уладзімір Дунаеў.

Пакуль самым дарагім застаецца стаматалагічны факультэт Медыцынскага універсітэта ў Мінску. За год вучобы трэба аддаць 19 мільёнаў рублёў.

Фота: studrada.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі