Лявон Вольскі: У новым альбоме будзе 16 песень, там суцэльная дэпрэсія

Лявон Вольскі: У новым альбоме будзе 16 песень, там суцэльная дэпрэсія

Лявон Вольскі даў Радыё Свабода першае пасля смерці жонкі Ганны вялікае інтэрв'ю. У ім музыка расказвае, што новы альбом, на які пачалі збіраць грошы ў сакавіку, амаль гатовы. Плануецца, што ў яго ўвойдуць 8 цяжкіх і 8 лёгкіх песень. Такую канцэпцыю для дыска прыдумалі Лявон з Ганнай і саўндпрадзюсар Снорэ Бергеруд, які займаецца запісам дыска.

"Там суцэльная дэпрэсія, нават не ведаю чаму, бо пісалася гэта ўсё ў Швейцарыі, дзе мы былі з Ганнай перад Калядамі. Хацелі зрабіць усё як мага хутчэй. І я пісаў ва ўзмоцненым рэжыме. Рабіў дэма і адразу накіроўваў да Снорэ, а ён прымаў ці не прымаў. Некалькі не прыняў, але ўсё ж такі атрымалася напісаць 8 на 8. Дзіўнавата, можа, але з гэтым альбомам вырашана было ісці не па правілах шоў-бізнэсу", ― кажа Лявон Вольскі.

Музыка таксама паведаміў, што планаваў увосень зладзіць вялікую прэзентацыю новай праграмы ў Вільні, аднак літоўскі бок адмовіўся аказваць візавую падтрымку беларусам. Амбасада больш не мае намеру выдаваць бясплатныя візы для тых беларусаў, якія захочуць наведаць беларускія канцэрты ў Літве. Вольскі збіраецца асабіста сустрэцца з амбасадарам Літвы ў Беларусі, каб неяк вырашыць гэтае пытанне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі