Лявон Вольскі адзначыў свой 50-гадовы юбілей канцэртам каля ГУМа

Лявон Вольскі адзначыў свой 50-гадовы юбілей канцэртам каля ГУМа

Лявон Вольскі працягвае сусветную тэндэнцыю і, як Пол Макартні або Стынг, у свой Дзень нараджэння выходзіць у пераход. Ля Гума. Натуральна, што падзея да апошняга трымаецца ў сакрэце, але месца творчага "злачынства" паступова напаўняецца журналістамі і прыхільнікамі музыканта. А цягам "Трох чарапах", з якіх пачынае легендарны юбіляр, да натоўпу далучаюцца і мінакі. 

"Ну, калі па-іншаму нельга, паспрабуем так", ― тлумачыць музыкант сваё з'яўленне ля ГУМа падчас падключэння апаратуры. З ім ― гітара і губны гармонік. З першых акордаў публіка хорам выконвае ўсё, што Лявон спявае: і "Простыя словы", і "Паветраны шар", і "Я нарадзіўся тут", і "Край ты мой, край", і "Менск і Мінск". На апошняй песні Вольскі спахапіўся ― эх, куфар не паклаў. І калі выпраўляе хібу ― тут жа "зарабляе" еўра ды беларускія тысячы ды сотні.

"Вось я адсвяткаваў ― такое класнае свята было, крэатыўнае, не падобнае да звычайнага застолля. Трэба будзе паўтарыць гэта яшчэ раз", ― перакананы музыка. 

 

 Пакуль Лявон Вольскі раздае шматлікія аўтографы і робіць сэлфі, жанчына ззаду кажа: "Перадайце Лявону Вольнаму, каб праспяваў песню пра жанчын". ― "Праспявае, ― супакойваем, ― але на 8 сакавіка, відаць. А сёння ў музыкі Дзень нараджэння". Дарэчы, 7 лістапада Лявон Вольскі сыграе ў Вільні разам з "Крамбамбуляй". Праўда, гэта будзе, хутчэй, сумны канцэрт ― развітанне з, бадай, самым адтапыраным і вясёлым гуртом Беларусі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі