Ля БНТУ ― калона аўтобусаў з міліцыяй, за ЦУМам ― калона аўтазакаў
Праваахоўнікі рыхтуюцца да Дня Волі. Мінгарвыканкам дазволіў мітынг на плошчы Бангалор, людзі збяруцца ля Акадэміі навук.
За некалькі гадзін да пачатку збору людзей пляцоўка ля Акадэміі навук пустая. Побач з ёй толькі некалькі супрацоўнікаў ДАІ. Уезд на паркоўку, якая знаходзіцца насупраць АН, закрыты.
Далей па праспекце ў бок цэнтра горада ― вялікая канцэнтрацыя міліцыі ў некалькіх месцах. Калона аўтобусаў з міліцыянтамі стаіць адразу за комплексам будынкаў БНТУ, на вуліцы Дарашэвіча.
Ля ЦУМа, па вуліцы Гікалы ― калона з аўтазакаў і тэнтаваных МАЗаў. На МАЗах няма нумароў. Там жа можна бачыць бранявік. Побач з аўтамабілямі ― спецназаўцы.
Акрамя гэтага, каля 11.30 па праспекце ў бок Акадэміі навук праехала калона аўтобусаў з завешанымі вокнамі.
Мінгарвыканкам дазволіў правесці мітынг да Дня волі на плошчы Бангалор. Арганізатары заявілі, што ўлады зацягнулі з адказам, парушыўшы заканадаўства. Яны заклікаюць людзей збірацца на пляцоўцы ля Акадэміі навук.