Лукашэнка: У СЭЗ зрабілі заробкі 350$ — як сярэднія па краіне і ніжэй

Лукашэнка: У СЭЗ зрабілі заробкі 350$ — як сярэднія па краіне і ніжэй

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 27 снежня раскрытыкаваў недастатковую аддачу ад дзейнасці свабодных эканамічных зон (СЭЗ) у Беларусі.

Кіраўнік Беларусі запатрабаваў, каб яму сказалі, што дзяржава атрымоўвае ад функцыянавання СЭЗ. Па яго словах, якія перадае прэс-служба, за год ад рэзідэнтаў СЭЗ у бюджэт пералічана крыху болей як 200 млн долараў. "Але больш за ўсё мяне ўразіў сярэдні заробак у свабодных эканамічных зонах, дзе кампаніі не бедныя. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў і кампаній таксама не бедныя. Але заробак там прыкладна 350 долараў. Гэта як разумець? Што кіраўнікі гэтых кампаній акуратненька падладзіліся да сярэдняга прыкладна заробку па краіне і нават ніжэй і добра пачуваюцца", — абурыўся Лукашэнка.

Падсумоўваючы гэтыя лічбы, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Гэта значыць, у бюджэт няшчасных 200 млн долараў і заробак у людзей ніякі. Таму ў мяне ўзнікае пытанне? ці варта нам ваяваць на ўсіх узроўнях за гэтыя свабодныя эканамічныя зоны?".

Па словах Лукашэнкі, калі ствараліся СЭЗ, то яму абяцалі, што прадпрыемствы-рэзідэнты гэтых зонаў заваляць дзяржаву валютай. Аднак вялікай карысці ад дзейнасці СЭЗ кіраўнік Беларусі не бачыць. Няма, па яго словах, і чаканага выніку ў плане прытоку інвестыцыяў.

У Беларусі цяпер дзейнічаюць шэсць свабодных эканамічных зонаў: "Брэст", "Гомель-Ратон", "Мінск", "Віцебск", "Магілёў" і "Гроднаінвест". У іх зарэгістравана 419 арганізацый са 124 тысячамі супрацоўнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі