Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам эмірацкай лагістычнай кампаніі "ДыПі Уорлд"

Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам эмірацкай лагістычнай кампаніі "ДыПі Уорлд"

Беларусь гатовая ажыццяўляць сумесныя лагістычныя праекты з эмірацкай карпарацыяй "ДыПі Уорлд". Пра гэта кіраўнік дзяржавы паведаміў 4 траўня на сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў — генеральным дырэктарам карпарацыі Султанам Ахмедам бен Сулеймам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць прыезду ў Беларусь аднаго з самых уплывовых у свеце бізнэсоўцаў.

"Вы выдатна разумееце, што Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, асабліва ў гэты час, з'яўляецца важным транзітным звяном паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем. І мне б вельмі хацелася, каб за перыяд візіту вы пабачылі свой інтарэс у Беларусі. І вельмі важна было б, каб інтарэсы Беларусі і вашай вялізнай кампаніі супалі. У нас ёсць шмат ідэй, у вас — нямала магчымасцяў. Хацелася б, каб гэта супадзенне прывяло да ўзнікнення новых кампаній (у тым ліку на тэрыторыі Беларусі), а таму і новых працоўных месцаў. Для нашых людзей у гэты час гэта было б добрым знакам", — цытуе БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.

Ён запэўніў эмірацкага бізнэсоўца, што калі яго карпарацыя надумае інвеставаць у Беларусь, то для яе створаць максімальна добрыя ўмовы.

На перамовах гаворка ішла пра тэмы інвестыцый і магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў.

Карпарацыя "ДыПі Уорлд" уваходзіць у холдынг "Дубай Уорлд", які належыць ураду эмірата Дубай. Карпарацыя мае 77 грузавых тэрміналаў, размешчаных на тэрыторыі 40 дзяржаваў.

Дарэчы, напрыканцы красавіка Беларусь у аднабаковым парадку адмяніла візы для грамадзян Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. У гутарцы з Еўрарадыё эксперт Андрэй Елісееў выказваў меркаванне, што гэту крок разлічаны якраз на прыцягненне патэнцыйных інвестараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі