Лукашэнка патрабуе, каб прадпрыемствы будаўнічай галіны павялічылі экспарт

28 ліпеня ў кіраўніка Беларусі праходзіць нарада па праблемных пытаннях развіцця прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў і шляхах іх вырашэння. На ёй Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларуская будаўнічая галіна павінна нарасціць экспарт.

"Важнейшая задача цяпер — выгадна прадаць і забяспечыць вяртанне валютнай выручкі ў краіну. Ад гэтага залежыць, ці разлічацца мадэрнізаваныя прадпрыемствы па крэдытах, ці будуць сродкі на развіццё вытворчасці і павышэнне заробкаў працаўнікам", — перадае БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.

Лукашэнка нагадаў, што нядаўна мадэрнізаваныя і істотна павялічаныя магутнасці беларускіх прадпрыемстваў па вытворчасці цэменту і ліставога шкла. Завяршаецца тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў буйнапанэльнага домабудавання і домабудаўнічых камбінатаў. Але, кажа беларускі кіраўнік, на знешніх рынках расце канкурэнцыя, і яны сціскаюцца. Таму амаль 80% вырабленых у Беларусі будматэрыялаў рэалізуецца на ўнутраным рынку. Дый тут попыт зніжаецца.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён даваў канкрэтныя даручэнні па развіцці вытворчасці будматэрыялаў. Цяпер ён запатрабаваў ад урада далажыць, як выконваюцца гэтыя даручэнні. Лукашэнка падкрэсліў, што ад прадпрыемстваў будаўнічай галіны залежыць дабрабыт больш як 50 тысяч работнікаў і іх сем'яў.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі