Лукашэнка: На абвале расійскага рубля Беларусь згубіла ля мільярда долараў

Аляксандр Лукашэнка лічыць сітуацыю з абмежаваннем беларускіх паставак у Расію вынікам палітыкі. Пра гэта ён заявіў 19 снежня, наведваючы Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

"Хіба можна змагацца сёння з ростам цэн і забараняць пастаўкі гэтай жа прадукцыі на ўласны рынак? Чым больш прадукцыі, тым ніжэй кошты. Навошта забараняць? Абсалютная палітыка, прытым дурная і бязглуздая", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што на беларускія прадпрыемствы былі запрошаныя прадстаўнікі расійскіх ветэрынарных і санітарных службаў. Па яго словах, яны не знайшлі ніякіх парушэнняў. "Падводзячы рысу пад іх высновамі, можна сказаць: чаго ад беларусаў хочам? Дай бог, каб у Расіі было на такім узроўні, як у іх. Гэта самы высокі сусветны ўзровень. Калі трэба, я магу гэтыя факты пакласці на стол. Гэта значыць, тыя спецыялісты, якія прыехалі ад гэтага самага Данкверта, былі ўражаныя — кажуць, не могуць беларусам выставіць прэтэнзіі. Так, ёсць рабочыя моманты, недапрацоўкі, як і ў іншых прадпрыемстваў. Вось было іх закл.чэнне. І на наступны дзень практычна ўсе прадпрыемствы атрымалі доступ на расійскі рынак".

Беларускі кіраўнік заявіў, што за забаронай паставак на расійскі рынак стаіць крыўда, што Беларусь не далучылася да расійскіх санкцый супраць Еўрасаюза. "Дык мы і не абяцалі, што далучымся. Нам не да раскошы. Што ж мы — далучымся да санкцый, калі сёння ад абвалу на расійскім рынку іх рубля каля мільярда даляраў страцілі? Літаральна за гэты прамежак часу. Калі б мы не страцілі гэтую валюту, нам бы сёння было значна лягчэй", — паведаміў Лукашэнка.

Ён заявіў, што ў сувязі з гэтым хоча задаць прамое пытанне Уладзіміру Пуціну: чаго кіраўніцтва Расіі хоча ад Беларусі, чаму такія крокі робяцца, што стаіць за гэтымі крокамі?

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі