Лукашэнка хоча аптымізаваць вышэйшую адукацыю

Лукашэнка хоча аптымізаваць вышэйшую адукацыю

Аляксандр Лукашэнка зноў загаварыў аб прынцыпах адбору і навучання ў ВНУ. Гэта адбылося 25 кастрычніка, калі ён даваў згоду на прызначэнне новых рэктараў вышэйшых навучальных устаноў. Як інфармуе БЕЛТА, кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне Юрыя Кулажанкі на пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, а Івана Паляводы — на пасаду начальніка Універсітэта грамадзянскай абароны МНС.

Кіраўнік Беларусі, у прыватнасці, прапанаваў выкінуць з навучальных праграмаў "усё лішняе". "Давайце пакінем тыя курсы, якія сёння патрэбныя для канкрэтнага спецыяліста", — заявіў Лукашэнка. Напрыклад, лекары павінны найперш вывучаць прадметы, неабходныя ў прафесійнай дзейнасці, ды сумежныя навукі. "Вядома, як грамадзянін ён павінен ведаць гісторыю сваёй краіны. Але ён вывучыў яе ў школе. Шліфаніце ва ўніверсітэце на першым курсе адзін семестр, але навошта больш? Бо некаторыя прадметы здаюць дзеля заліку або ацэнкі. Фармалізму быць не павінна", — мяркуе кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка лічыць неабходным зрабіць змены ў сістэме адбору ў ВНУ, бо ў сістэме тэстаў ёсць не толькі добрае, але і недахопы. Старшакласнікі, кажа ён, вучацца толькі вырашаць тэсты і завучваць патрэбную інфармацыю. "У самім працэсе тэставання мы не бачым чалавека. Паглядзіце, колькі ў школах таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Потым яны становяцца моцнымі кіраўнікамі, навукоўцамі... Але выкладчык бачыць патэнцыял гэтага чалавека, калі гутарыць з ім. Тэставанне — гэта добрая рэч. Але мы не бачым чалавека, і тут трэба нешта рабіць. Што трэба рабіць, мы за зіму павінны падумаць", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

Цэнтралізаванае тэставанне, мяркуе Лукашэнка, негатыўна ўплывае на прафарыентацыю навучэнцаў. "Не прайшоў у адну ВНУ, паступіў у іншую, дзе меншы конкурс. Што такое прафарыентацыя ў такім выпадку? Мы ж загадзя арыентуем чалавека быць юрыстам, эканамістам, чыгуначнікам, вайскоўцам. А ён тут паглядзеў — абы адукацыю атрымаць — і пайшоў кудысьці. І што? Займаецца і ведае, што інжынерам працаваць не будзе".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі